гарант высокіх ураджаеў

Напярэдадні пасяўной на базе ААТ “Чачэрскагратэхсервіс” адбыўся раённы семінар-вучоба з аграномамі, механізатарамі і інжынернай службай гаспадарак Чачэршчыны. Для хлебаробаў гэта сустрэча была прадуктыўнай, бо дала дадаткова не толькі тэарэтычныя веды, але і ўдасканаліла практычныя пазнанні ў сферы механізацыі і аграноміі. Адкрыў мерапрыемства начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А. Чарненка. Андрэй Васільевіч даступна і шырока раскрыў тэму правядзення вясенне-палявых работ, догляду за пасевамі . Ён адзначыў, што ў гэтым годзе ўздым зябліва будзе ажыццяўляцца па новых тэхналогіях – без прымянення плугоў, а толькі з дапамогай дыскатараў, што дазволіць захаваць пажыўнасць глебы, павысіць яе ўрадлівасць і стварыць аптымальныя ўмовы для ўсходжасці насення. Вялікая ўвага ў раёне стане надавацца вырошчванню кукурузы – царыцу палёў плануецца пасеяць на плошчы 10 тысяч гектараў. Гэта культура ўстойлівая да засухі, яе прадуктыўнасць вышэй зерневых у тры разы, насенне карыстаецца попытам і каштуе значна даражэй, да таго ж сакавітая расліна з’яўляецца добрым кормам для жывёлы. Ужо з 15 красавіка механізатары павінны вывесці трактары на кукурузныя палеткі, а да гэтага – управіцца з зерневымі. Як сказаў начальнік упраўлення, пры ўмове своечасовай сяўбы, захаванні тэхналогіі апрацоўкі глебы, без парушэння нормы высеву, з прымяненнем прафесіянальнай тактыкі і стратэгіі аграномаў за перыяд пасяўной кожны работнік, заняты ў гэтым працэсе, можа атрымаць заробак у памеры тысячы даляраў. Казка? Не, гэта проста няхітры эканамічны разлік плюс стараннасць кожнага.
На сустрэчы гаварылася пра многае, у тым ліку і пра ўнясенне мінеральных тукаў, і пра вырошчванне такіх нетрадыцыйных для Чачэршчыны культур як соя і сланечнік. Пасля тэарэтычнай часткі семінара пачаліся практычныя заняткі. Спецыялісты з Буда-Кашалёва расказалі аб правілах правядзення тэхнічнага абслугоўвання энерганасычанай тэхнікі, а прадстаўнікі ЗГА “Славянскія тэхналогіі” паказалі правільнасць рэгуліроўкі пасяўных і глебаапрацоўчых агрэгатаў. Атрыманыя веды хлебаробам застаецца толькі прымяніць на справе і атрымаць за свае клопаты добрыя вынікі.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика