з гаспадарскім падыходам

Занадта “пашчасціла” палескім хлебаробам на кіраўнікоў. За апошнія гады іх там змянілася – на пальцах не пералічыць. І сталі аграрыі журыцца: ці знойдзецца тут сапраўдны гаспадар, чалавек заклапочаны і нераўнадушны. Нарэшце з’явілася надзея на добры лёс зямлі палескай з прыходам на пасаду дырэктара мясцовай гаспадаркі Ганны Гарбачовай. Яна прыступіла да выканання службовых абавязкаў у снежні 2011 года і ўжо відаць пэўныя зрухі наперад. Першае, з чаго пачала сваё кіраўніцтва, – гэта рамонт жывёлагадоўчых памяшканняў. На малочна-таварнай ферме “Балсуны” ў кароўніках заменена падлога, цялят на дарошчванні перавялі ў адрамантаванае памяшканне на палескую ферму, арганізавана асобнае ўтрыманне цёлак для ўзнаўлення статка, а галоўнае – ажыццяўляецца механізаванае кармленне жывёлы кармараздатчыкам, для чаго зроблены спецыяльныя праезды і насцілы. У хлявах з’явіліся вада і новыя вароты, усталяваны воданагравальнікі, у мехмайстэрні адрамантавана столь, па-новаму выглядае сталовая. Цяпер жывёлаводам не трэба таптаць гразь па дарозе з Палесся на Балсуны – для іх арганізаваны штодзённы падвоз. Да таго ж у аператараў машыннага даення ёсць магчымасць заняцца ўласнымі справамі ў законны выхадны, які яны атрымоўваюць згодна працоўнаму распарадку пасля чатырох дзён работы.
– Канешне, ідэй і задумак шмат, але ўсё будзе вырашацца паэтапна, – дзеліцца сваімі планамі Ганна Мікалаеўна. – Зараз на павестцы дня – пасяўная. Мы ўжо вывезлі арганіку, папаўняем фонд насення. Работнікі азнаёмлены з умовамі правядзення палявых работ і маюць намер працаваць на станоўчы вынік. Механізатары выйдуць на палеткі ў дзве змены, так што – справімся. Значна складаней вырашаць задачы ў сферы жывёлагадоўлі. Для гаспадаркі, лічу, галоўнае – быць з малаком, для чаго неабходна правесці ўзнаўленне дойнага статка. З гэтага і пачнём. Яшчэ заўважу, што мы стараемся не дапускаць падзяжу маладняку, і пакуль што ў нас атрымоўваецца.
– А што наконт забеспячэння прафесіянальнымі спецыялістамі. Ці сфарміраваны надзейныя тылы?
– На жаль, праблема ёсць. Хачу падзякаваць за добрую работу аграному Уладзіміру Маркелаву, ён мне дапамагае ў шматлікіх паляводчых працэсах. Але сёння гаспадарцы патрэбны заатэхнік, эканаміст, ветэрынарны ўрач, плануем узмацніць інжынерную службу. Спрабуем, што называецца, вырошчваць свае кадры, для чаго заключылі дагавор і накіравалі на вучобу на ветурача аднаго чалавека. Будзем рады прыняць у свой калектыў граматных і ініцыятыўных спецыялістаў. Жыллём забяспечым, калі трэба – пабудуем. Скажу, што і заробак у сярэднім па гаспадарцы крыху павысіўся, у лютым ён склаў у сярэднім 1,5 мільёна рублёў. Думаю, неўзабаве стане вышэй. Усё залежыць ад адказнасці і клопату кожнага.
– Ганна Мікалаеўна, падзяліцеся дырэктарскімі задумкамі адносна добраўпарадкавання.
– Так, пытанне адно з актуальных. І сапраўдным болем для палясчан з’яўляецца рамонт участка дарогі і двух мастоў з Палесся на Балсуны. Пакуль што не ўдаецца знайсці неабходную суму грошай, а яна складае некалькі мільярдаў рублёў. А што магчыма зрабіць сваімі сіламі – робім. Гэтай зімой праведзена ліквідацыя трухлявых гаспадарчых пабудоў у Будзішчы, працягваем займацца і іншымі сельгасаб’ектамі. Праведзены рамонт пячнога ацяплення ў бытавым памяшканні на МТФ “Балсуны”, для канторскіх служачых пабудаваны туалет. Дарэчы, мяркуем змяніць месца размяшчэння адміністрацыйнага будынка і пераехаць у больш камфортнае памяшканне. Думаю, што ў гэтым годзе адзначым наваселле на тэрыторыі машынна-трактарнага парку. Адным словам, задумак шмат, была б магчымасць іх рэалізаваць. Заўважу, што ў многім мне садзейнічаюць раённыя ўлады. Хачу выказаць падзяку старшыні райвыканкама І.Кому, начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання А.Чарненку, спецыялістам гэтай службы: яны і падкажуць, і параюць, і пакажуць на пэўных прыкладах. Застаецца толькі запамінаць, перанімаць і ўкараняць.
На новага кіраўніка гаспадаркі спадзяецца не толькі раённае кіраўніцтва, на энтузіазм і напорыстасць гэтай жанчыны ўскладаюць надзеі механізатары і жывёлаводы, пастухі – жыхары ціхай вёсачкі на памежжы з Расіяй.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика