“Давялося перажыць шмат чаго, але сваім лёсам я задаволена”

Сёння спаўняецца 70 гадоў былому
бібліятэкару, салістцы Залескага народнага хору Еўдакіі Бабкуновай.
Чалавек ужо напалову адчувае сябе шчаслівым, калі мае любімую работу і цвёрда ўпэўнены – у сваім выбары ён не памыліўся. Ні на хвіліну не пашкадавала аб выбранай прафесіі жыхарка вёскі Залессе Еўдакія Ягораўна Бабкунова. Яе працоўны стаж у сферы культуры – больш за 40 гадоў. А пачынала яна самастойны шлях у краіну прафесійнага майстэрства з пасады бібліятэкара ў 1959 годзе. Так яна і пранесла праз усё жыццё любоў да кнігі, не адмовілася ад цеснага сяброўства з цікавым светам літаратуры да самага выхаду на заслужаны адпачынак. Разам з тым, хоць і працавала загадчыцай бібліятэкі, але заўсёды была ў віхуры культурна-асветніцкай дзейнасці. Стварыла пры мясцовым клубе танцавальны калектыў, навучала на грамадскіх пачатках харэаграфіі вучняў Залескай школы, рыхтавала спектаклі і тэматычныя вечарыны. З мэтай захавання бацькоўскіх традыцый і перадачы маладому пакаленню духоўных каштоўнасцяў арганізавала пры бібліятэцы клуб “Гаспадынька”, які дзейнічае і зараз, і дзіцячы гурток “Рукадзельніца”, дзе дзяўчынкі займаліся вышыўкай, вязаннем, кройкай і шыццём, а хлопчыкі прышывалі гузікі да гатовых ужо вырабаў.
Кніга ў тыя далёкія гады была надзейным сябрам чалавека. Бібліятэчны фонд Залескай бібліятэкі складаў 15-16 тысяч экзэмпляраў і штогод папаўняўся на дзве тысячы выданняў. Бывала, за навінкамі, або проста за цікавай кнігай стваралася чарга. Абслугоўвалася каля 500 абанентаў, з якіх толькі школьнікаў больш за 200. Каб адпавядаць тагачасным патрабаванням і мець прафесійны статус, Еўдакія Ягораўна ўжо не ў маладым узросце закончыла бібліятэчны тэхнікум імя А.С.Пушкіна (там жа вучылася і яе дачка Людміла, якая цяпер узначальвае раённую цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму). Натура творчая, узнёслая, зацікаўленая, яна была ў гушчы ўсіх культурна-масавых мерапрымстваў. Надзеленая ад прыроды цудоўным выканаўчым майстэрствам, разам з матуляй і яе трыма сёстрамі яшчэ з 10 класа пачала спяваць у Залескім народным хоры. Дуэт у складзе дзвюх Еўдакій – Бабкуновай і Загорцавай – і зараз выклікае авацыі, абуджае пачуццё замілавання сугучнасцю мелодый і палоніць каларытнасцю галасавога дыяпазону. Гэта сапраўдны каштоўны скарб культурнай часткі традыцыйнай Чачэршчыны.
Біяграфія Еўдакіі Ягораўны падобна старонкам старой мудрай кнігі – кожны радок, кожнае слова вучыць дабрыні, паказвае прыклад стараннасці, прапагандуе высокія чалавечыя якасці, раскрывае сакрэты жаночай абаяльнасці, дэманструе багацце таленту і шчодрасць душы. І нібы тыя маляўнічыя ўзоры на белым каленкоры, што і сёння вышывае каляровымі ніткамі майстрыца-рукадзельніца, сцяжок за сцяжком кладзецца на белае палатно яе лёсу кожны новы дзень, ствараючы арыгінальны дэкор жывапіснай карціны з натуры, назва якой – ЖЫЦЦЁ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика