Свет духоўны не згасне ніколі

Нашы продкі ў сваіх справах і добрых пачынаннях ва ўсім шукалі падтрымкі ў вышніх сіл і спадзяваліся на літасць Госпада і ўсемагутных багоў старажытнай міфалогіі беларусаў.
У кожнай вёсцы былі свае прыстольныя святы, на якія людзі збіраліся разам, маліліся і ажыццяўлялі сакральную дзею засцярогі ад хвароб і жыццёвых нягод. Некаторыя абрады і звычаі беражліва захоўваюцца і сёння. Напрыклад, у вёсцы Рэпішча традыцыйна праводзіцца перанос Раздвенскай свячы. Звычайна духоўны сімвал утрымліваецца на падворку на працягу дванаццаці месяцаў, а затым пераходзіць у другія рукі. Працэсія з малітвамі і песнапеннем рухаецца па высланай саломай сцяжынцы ад хаты да хаты, папярэдне тройчы праходзячы пад іконай, пакрытай вышываным рушніком. У цэнтры святочнага шэсця – абраз «Ражаство», а таксама лікі Хрыста Спасіцеля і Маці Божай. Каля парога домаўладання, куды прымаюць свячу новага года, адбываецца магічны танец з хлебам-соллю, што абедзве гаспадыні выпякалі да светлага радаснага дня. Затым зноў малітва, псалмы і – пасля духоўнай ежы ладзіцца сытнае застолле. Дарэчы, святыя вячэры і абеды рыхтуюцца таксама ў абодвух дамах.
Да свячы вернікі нясуць свае спадзяванні, просьбы, надзеі і – капейкі, або невялічкія падарункі ў выглядзе кавалкаў тканіны, рушнікоў. на працягу года сюды могуць прыходзіць жыхары вёскі, каб накласці на грудзі крыж, папрасіць ва Усявышняга падтрымкі і абароны ў цяжкую хвіліну, вымаліць заступніцтва за дзяцей. Вось і на гэты раз свяшчэннае набажэнства для вяскоўцаў каля чырвонага кута Аляксандры Дзмітрыеўны Дамасканавай правёў настаяцель батвінаўскага храма Пакрова Божай Маці айцец Аляксандр. Пасля царкоўнага рытуалу старыя і больш маладое насельніцтва разгавеліся за святочным сталом, пажадаўшы адзін аднаму дабрабыту, здароўя і добрага ўраджаю. Са светлымі пачуццямі, пад покрывам і са спагадай Госпада Бога нашага ўсе разышліся па сваіх справах, наталіўшы душу духоўным скарбам і атрымаўшы зарад бадзёрасці і ўнутранай асалоды.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика