у вольны час да Ірыны

Творчага запалу і мастацкай выдумкі невычэрпная крыніца ў загадчыцы Батвінаўскага культурна-спартыўнага цэнтра Ірыны Нікішовай. Гэта і сапраўды апантаны і заклапочаны чалавек. Яна імкнецца па максімуму наладзіць адпачынак насельніцтва і разнастаіць культурна-масавымі мерапрыемствамі. У 2011 годзе пры КСЦ быў адкрыты клуб выхаднога дня “У Ірыны”, які працуе па суботах і прадугледжвае шматфункцыянальны адпачынак моладзі падчас дыскатэк з праглядам відэакліпаў. Ён уключае ў сябе правядзенне пасяджэнняў аматарскіх аб’яднанняў, арганізацыю тэматычных вечарын для моладзі і падлеткаў: “Дзень святога Валянціна”, “У гасцях у бабы Ягі”, прафілактыка шкодных звычак і т.п. Тут можна пачаставацца кавай і гарбатай, сабрацца разам у вольную гадзіну з сябрамі і калегамі. А ў гэтым годзе Ірына плануе пашырыць паслугі цэнтра і пры музеі хлеба адкрыць базу сямейнага адпачынку “Усёй сям’ёй – у казку”. Кожную нядзелю сюды могуць завітаць бацькі з дзецьмі, пагуляць у рухомыя гульні, зрабіць сваімі рукамі падзелку і інш. Для дзяцей будзе арганізавана экскурсія ў жывы куток, дзе яны змогуць самі пакарміць труса, пагладзіць па шэрстцы казу і тым самым бліжэй пазнаёміцца з жывёльным светам. Распачне актыўную работу і музей хлеба: прама тут будуць выпякацца мучныя вырабы і праводзіцца іх дэгустацыя. Плануецца стварыць архіў старых рэцэптаў хлеба, дзе кожны жадаючы зможа пакінуць у спецыяльнай кнізе свой сакрэт прыгатавання, уключаючы рэцэпты матуль. Музей папоўніцца экспанатамі хатніх прылад, якімі раней карысталіся пры выпяканні боханаў нашы бабулі: лапаты, спецыяльныя формы, жорны. А побач – прыклад сучасных тэхналогій: здобныя бублікі, булачкі, кулічы і сырнікі.
Каб у выхадны дзень не было сумна нікому, Ірына мае намер пашыць мехавыя касцюмы казачных герояў, клоунаў, аб’ёмныя маскі традыцыйных сімвалаў года, беларускіх лялек, каб падчас пэўнага мерапрыемства можна было падняць настрой і падбадзёрыць гасцей культустановы выступленнем гэтых памагатых. Члены аматарскага клуба «Агеньчык» мяркуюць заняцца развядзеннем кветак, вырошчваннем расады гародніны і іх рэалізацыяй насельніцтву. У лік платных паслуг увойдзе і продаж насення гэтых раслін, а таксама шматгадовых кустоў хрызантэм і іншых красак. А яшчэ для тых, хто не пашкадуе часу, – калі ласка, конная паездка ў лес па грыбы. Інтрыгуюча і захапляльна пройдзе выхадны дзень разам з Ірынай, калі толькі гэтым планам не перашкодзяць абставіны.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика