Пасля свята: некалькі слоў пра Хрышчэнне на Чачэршчыне
З самага ранку да мясцовага храма спяшаліся дзясяткі прыхаджан, каб далучыцца да святочнага богаслужэння і звярнуцца да Госпада са шчырай малітвай. Затым на прыхадскім двары адбылося асвяшчэнне вады.
Згодна традыцыі, пасля гэтага вернікі прымаюць удзел у хрэсным ходзе. Дружным натоўпам разам са святаром народ рушыў да возера Святое, дзе пасля вялікага вадохрышча хто хацеў акунуўся ў купель. Трэба адзначыць, што сярод удзельнікаў сімвалічнай святочнай дзеі знайшлося шмат кандыдатаў. Сярод тых, хто, сабраўшыся з духам, адважыўся тройчы пагрузіцца ў ледзяную ваду, знайшліся прадстаўнікі не толькі маладога пакалення, але і людзі сталага ўзросту і нават дзеці.
Ачышчэнне праз веру, малітву, ваду
Зіма, сцюжа, мяцеліца, а каля купелі ў аграгарадку Палессе цёпла і ўтульна.
На душы і ў сэрцы трапяткое хваляванне, бо дзень19 студзеня не проста аркуш каляндара – на свята Хрышчэння Гасподня тут праводзіцца богаслужэнне і асвяшчэнне жыватворнага вытоку.
Па звыклай традыцыі, айцец Мікалай і вернікі моляцца Богу, усхваляюць Дзеву Марыю і спяваюць псалмы. Пасля святога прычасця адбываецца фізічнае аздараўленне. Не ўсе рызыкнуць тройчы нырнуць у пельку з галавой. Аднак аматары ажыццявіць магічную працэдуру знаходзяцца.
З вялікім жаданнем пазбавіцца такім чынам і ад грахоў, і ад змрочных думак, і ад хвароб у мінулую суботу сабраліся разам мясцовыя жыхары і госці. Такі рытуал загартоўкі арганізму і духоўнага абагачэння стаў магчымы ў аграгарадку дзякуючы айцу Мікалаю. Гэта ён быў ініцыятарам будаўніцтва купелі, і пры дапамозе добрых людзей увасобіў ідэю ў жыццё. Цяпер сюды прыходзяць за выратавальнымі лекамі і ўзімку, і летам тыя, каму цяжка на сэрцы і боліць ў спіне.
Малітвай, верай, крыжам Гасподнім і гаючай вадой праваслаўны люд ратуецца ад заганы, немачы і дрэнных учынкаў. Штогод наведваюцца ў Палессе і некаторыя жыхары горада. Хрышчэнская традыцыя яднае, натхняе, набліжае да Бога і садзейнічае ачышчэнню душы цела.
Святлана ДЗІДКОЎСКАЯ, В.БАГДАНОВІЧ
Фота Святланы Дзідкоўскай.