Дынастыя Сасноўскіх

Гады, падзеі, людзі… Усяго тры словы, а ў іх – эпохі, вытворчыя дасягненні, змена пакаленняў, чалавечыя лёсы, жыццё.

Сёння хацелася б расказаць і ўспомніць добрым словам педагогаў Сасноўскіх з вёскі Шылавічы. Заснавальнікам дынастыі быў настаўнік беларускай мовы і літаратуры Апанас Фёдаравіч, які шмат гадоў узначальваў мясцовую школу. Яго жонка Неаніла Аўтаномаўна вяла нямецкую, яе тры сястры таксама служылі на ніве адукацыі.

Сасноўскія стварылі моцны сямейны саюз, нарадзіўшы дваіх сыноў, даўшы ім неабходную адукацыю, выхаваўшы любоў да высакароднай прафесіі. І ў поўнай меры маглі ганарыцца сваімі паслядоўнікамі. Тым больш, калі на змену Апанасу Фёдаравічу на пасаду дырэктара прызначылі Георгія – матэматыка з двума дыпломамі ВНУ, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны (ён трапіў на фронт з партызанскага атрада і дайшоў да Берліна. Дарэчы, два яго браты таксама ваявалі, адзін – Леанід – загінуў у 17-гадовым узросце). Георгій Апанасавіч няблага маляваў, іграў на гармоніку, баяне, балалайцы і мандаліне, сталярнічаў, шыў для сям’і адзенне. Вельмі любіў агародніцтва, работу і сваю жонку Ганну Фёдараўну. Яна ж ва ўсім падтрымлівала мужа, разумела яго, садзейнічала выхаваўчаму працэсу школьнікаў: вучыла размаўляць на роднай мове, чытаць і ведаць беларускіх класікаў. Паралельна выдавала вучням кніжкі і падручнікі. У яе абавязкі, як бібліятэкара, уваходзіла пошукавая работа, таму жанчына актыўна займалася ўлікам загінуўшых землякоў, узначальвала атрад следапытаў, знаходзіла прозвішчы прапаўшых без вестак і пісала летапіс гісторыі ваенных гадоў. Бывалі выпадкі, калі да магіл вернутых «да жыцця» салдат прыязджалі родзічы. І тады агульнай радасці і слязам не было мяжы. Пры Шылавіцкай школе па ініцыятыве Сасноўскіх быў створаны музей У.І.Леніна.

Пайшлі ў бацькоў і дзец Ганны Фёдараўны: мовазнаўца Святлана і настаўніца малодшых класаў Эльвіра знайшлі прызванне ў гэтай галіне. Элачка, як яе з любоўю называлі калегі, заручылася і абрала ў спадарожнікі таксама педагога, пашырыўшы і ўмацаваўшы дынастыю. Яна і зараз верная свайму доўгу, працуе ў 27-й школе Гомеля.

…Дынастыя Сасноўскіх налічвае 15 педагогаў. Дзяржава высока ацаніла заслугі братоў Барыса, Георгія і іх маці Неанілы Аўтаномаўны, узнагародзіўшы значкамі «Выдатнік адукацыі». Жонка Барыса Апанасавіча і сам Апанас Фёдаравіч адзначаны статусам «Заслужаны настаўнік БССР». Усе астатнія маюць шэраг знакаў павагі за досвед, плён і талент. Не забудуць прозвішча Сасноўскіх і тыя, хто ў іх вучыўся, з імі працаваў, жыў побач. Зробленае на карысць людзей і краю варта неўміручасці…

У сярэдзіне 1960-х на тэрыторыі Меркулавіцкага сельсавета налічвалася каля пяці тысяч насельніцтва, з якіх 980 – вучні чатырох пачатковых, дзвюх васьмігадовых і адной сярэдняй школ. Цікава, што ў в.Іскра пэўны час колькасць вучняў складала магічную лічбу 333. 

У Шылавіцкую дзесяцігодку наведваліся рабяты з Фундамінкі, Зялёнай Паляны, Шэрахава, Дзербіч, Гарадка, Баравой Буды – як чачэрскіх вёсак, так і суседніх Рагачоўскага і Кармянскага раёнаў. Летам на дырэктарскім двары рад у рад стаяла да 40 веласіпедаў. Пэўны час пры школе дзейнічаў інтэрнат, каб усім хапала месца, цеплыні, пяшчоты.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика