Як старшыня сельвыканкама кранае сэрцы песняй

Калі вы хоць раз былі на культурных мерапрыемствах нашага горада і раёна, пэўна, чулі, як спявае Жанна Малінава. Пранікнёныя словы, душэўная мелодыя, эмацыянальная афарбоўка, жаночы шарм хвалююць і прыцягваюць.

Прага да сцэны абудзілася ў Жанны Мікалаеўны ў школьным узросце. Настаўнік спеваў заўважыў здольнасці дзяўчынкі. Так яна пачала выступаць на канцэртах, тэматычных вечарынах. Потым, калі вучылася ў Гомельскім музычна-педагагічным вучылішчы імя Л.Выгоцкага, працягвала адточваць талент на сольных і калектыўных выступленнях. Навучылася іграць на гітары, пераймаючы спрыт і навыкі дваіх братоў.

Спеўнае майстэрства набірала сілы і спатрэбілася, калі працавала настаўніцай пачатковых класаў – падчас адпачынку з дзецьмі ў санаторыях выходзіла радавала аўдыторыю хвілінамі прыемнага вольнага часу.

Калі Жанну Мікалаеўну прызначылі старшынёй Нісімкавіцкага сельвыканкама, яе дараванне запульсавала на ўсю моц. Амаль на кожным мерапрыемстве – там, дзе ёсць культурная праграма, абавязкова гучыць сола Жанны Малінавай пад гармонік, гітару, мінусавую фанаграму. Адкрыты погляд, шчырая ўсмешка і жаночая абаяльнасць зачароўваюць публіку абласнога цэнтра, нашага краю, без яе ўдзелу рэдка якое свята абыходзіцца.

Каларытна, прыцягальна выглядае канцэртны нумар у пары з кіруючай справамі сельвыканкама Аленай Дзеравяшкінай. Добрай падтрымкай служаць іх галасы нісімкавіцкаму калектыву «Весялуха», разам з якім артысткі «гастралююць» па Чачэршчыне і за яе межамі.

Сярод песен Жанны Мікалаеўны пераважаюць ваенна-патрыятычныя творы. Шмат яе сяброў, муж Міхаіл і брат Мікалай, які памёр два гады таму, служылі ў гарачых кропках. І свой боль, смутак, перажыванні, слёзы яна выказвае праз музыку, прапускае скрозь сэрца. Яна пастаянна удзельнічае ў раённым конкурсе «Афганская вьюга»: у мінулым годзе за лепшае выкананне атрымала гран-пры. Узнагароджана Ганаровай граматай раённай арганізацыі Саюза ветэранаў вайны ў Афганістане за вернасць традыцыям, а абласная грамадская арганізацыя адзначыла медалём і граматай за кансалідацыю і ўмацаванне сяброўства сярод ветэранаў баявых дзеянняў.

Наогул жа, песня ў яе жыцці – неад’емная частка. Калісьці смела брала высокія ноты маці, за сталом заводзяць знаёмыя матывы сёстры. Захапленне стала традыцыяй, што натхняе, акрыляе, падымае настрой. Пакуль жыву, пакуль спяваю – такое крэда Жаны Малінавай і яе сродак самавыяўлення.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика