умеюць працаваць і гаспадарыць

Свой працоўны спрыт і ўменне весці гаспадарку ў чарговы раз даказалі ўдзельнікі маладзёжнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла-5”, які прайшоў на базе Отарскага сельсавета. Паказаць сваю гаспадарскую здольнасць і падзяліцца сакрэтамі шчаслівага шлюбу сюды прыехалі сем сямейных каманд. У сваёй візітнай картцы яны расказалі пра тое, як лёс звёў іх разам, калі нарадзіліся іх дзеці, дзе працуюць бацькі і чым займаюцца ў вольную хвіліну члены сям’і. Але, бадай, самым адказным і хвалюючым момантам былі выпрабаванні на спрыт і дэманстрацыя працоўных навыкаў. Напрыклад, у адным з конкурсаў трэба было са звычайнага металічнага дроту зрабіць цвік. І пры тым, каб ён нічым не адрозніваўся ад завадскога. Справіліся з гэтай задачай усе прадстаўнікі сільнай паловы, але лепшым журы вызначыла выраб Канстанціна Атрашкова з в.Іпалітаўка. Дарэчы, мужчына і ў наступным іспыце на сенакосе атрымаў самы высокі бал. Ужо з першага шырокага ўзмаху рукі было відаць – Канстанцін не навічок. Пакос за пакосам трава роўна клалася пад вострае лязо касы, а на пожні – ні аднаго “чубчыка”. Ну і майстар! Але і яго жонка Наталля не падвяла. Яна так спрытна валодала граблямі, хуценька саграбла цімафееўку ў валкі і разам з мужам склала яе ў капу, што ў прысутных не было сумнення – гэта шматдзетная сям’я добра ведае вясковы клопат і ўмее працаваць. Таму і ганаровае першае месца заслужана засталося за імі. Як прызналіся Атрашковы, яны хоць і не прэтэндавалі на перамогу, але імкнуліся да гэтага.
Трэба сказаць, што і астатнія каманды з адчувальным азартам і хваляваннем прайшлі ўвесь этап спаборніцтва. На жаль, канкурсантам крыху не хапіла напорыстасці, але гэта ніколькі не пашкодзіць ім і надалей будаваць сваё шчаслівае сямейнае жыццё, выхоўваць дзяцей, працаваць і марыць. Ужо адно тое, што яны разам, што кожны знайшоў свой лёс і сваю другую палавінку гаворыць нам – у гэтай хаце пасяліліся спагада, шчасце і каханне.
Арганізатарамі дадзенага мерапрыемства былі РК БРСМ і аддзел па справах моладзі райвыканкама, дапамагалі стварыць сапраўднае свята аддзел адукацыі райвыканкама, Отарскі сельскі Савет, гандлёвыя прадпрыемствы. Падарылі настрой і добрую песню артысты мастацкіх калектываў і работнікі аддзела культуры. Каштоўныя падарункі ўдзельнікам прадаставіла адміністрацыя ААТ “Отар”.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика