ТЭАТР – СІНТЭЗ УСЯГО МАСТАЦТВА

Беларускае сцэнічнае майстэрства зарадзілася ў даўнія часы, калі чалавек адчуў неабходнасць знайсці і даказаць сваё месца ў жыцці. З дэманстрацыі абрадаў і ваджэння карагодаў тэатралізаваныя дзеі паступова перайшлі на сцэнічны памостак, а скамарохаў хутка замянілі таленавітыя акцёры. На жаль, у нашым невялічкім горадзе няма сваёй прафесіянальнай тэатральнай трупы, але паглядзець шэраг спектакляў прапануе калектыў Гомельскага абласнога драматычнага тэатра. Калі чачаранам чакаць цікавай сустрэчы з высокім мастацтвам, расказвае заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, кавалер ордэнаў Святой Вольгі, Прэпадобнай Ефрасінні Полацкай і ордэна Ламаносава, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце драмтэатра і проста прывабная жанчына Валянціна РАГОЎСКАЯ:
– Задача кожнага акцёра – несці ў масы духоўную культуру, раскрыць прыгажосць сцэнічных жанраў, прымусіць гледача задумацца над сэнсам жыцця і над лепшымі чалавечымі якасцямі. Сёння мы прапануем прагляд некалькіх спектакляў жыхарам раённых цэнтраў Гомельшчыны, а таксама аграгарадкоў. Наша мэта – быць бліжэй да народа, далучыць людзей да тэатральнага мастацтва. У Чачэрску 10 ліпеня ў 17.00 у ККЦ «Акцябр» будзе арганізаваны паказ камедыі расійскага аўтара Аляксандра Кароўкіна “Палата бізнес-класа”. Тут прысутнічаюць і лёгкі гумар, і жыццёвая мудрасць, і крыху лірыкі. Адным словам, усё тое, што здараецца ў лёсе чалавека. А ў аграгарадках плануем паказаць спектакль “Недасягальная” пра адносіны паміж прадстаўнікамі абодзьвух паловаў чалавецтва. І, вядома ж, нельга абыйсці ўвагай беларускіх класікаў Я.Купалу, Я.Коласа і М.Танка. З нагоды іх юбілеяў з дня нараджэння і ў сувязі з Годам кнігі таксама будуць арганізаваны выступленні тэатральнай трупы па матывах вядомых твораў гэтых пісьменнікаў.
– Валянціна Георгіеўна, Гомельскі абласны драматычны тэатр добра вядомы на Беларусі. Ён, бадай, адзін з самых выязных тэатраў. Скажыце, чым сёння можна зацікавіць аўдыторыю?
– Так, мы вельмі часта бываем на гастролях. Ужо пабывалі ў Рэчыцкім, Рагачоўскім раёнах. І хачу адзначыць, што перавага надаецца камедыям: не трэба думаць, разважаць, узвешваць. Проста глядзі і адпачывай.
– А як жа больш сур’езныя жанры?
– У рэпертуары калектыву ёсць і драмы. Вельмі добра праходзяць спектаклі з удзелам вядомай народнай артысткі Беларусі, Ганаровага грамадзяніна г.Гомеля Людмілы Лаўрыновіч. Адзначаецца вялікая запаўняльнасць залы падчас паказа “Хроснай маці” па п’есе М.Горкага, добра ўспрымаецца гледачом драматычная паэма “Чорная панна Нясвіжа” А.Дударава, “Восеньскія скрыпкі” І.Сургучова, “Даходнае месца” М.Астроўскага і інш. Калі на сцэне Людміла, значыць, вечар будзе цікавым. Дарэчы, 30 чэрвеня у тэатры адбылася прэм’ера спектакля “Лірычная камедыя” па п’есе Эдуарда дэ Філіпа.
– Вось Вы і падвялі мяне да наступнага пытання: ці карыстаецца сёння попытам тэатральнае мастацтва?
– Калі я скажу, што глядзельная зала заўсёды напоўнена на 70%, як гэта па-Вашаму? Канешне, аўдыторыя цяпер не тая, што раней. Я ў тэатры з 1987 года. І тады людзі хадзілі на спектаклі сем’ямі. Але думаю, што аматары сапраўднага акцёрскага майстэрства будуць заўжды. Бо ніякі відэаролік не зможа дасканала і ярка перадаць тое эмацыянальнае дзеянне, якое адбываецца на “жывой” сцэне. Таму заклікаю ўсіх жыхароў раёна наведаць наш тэатр. Калі спадабаецца – прыедзем яшчэ. Да таго ж мне асабіста вельмі прыемна бываць у Чачэрску. Тут чыста, утульна і лёгка дыхаецца, а беларуская талерантнасць яскрава праглядваецца ў людзях, у іх добразычлівых адносінах. Яшчэ я заўважыла, што на Чачэршчыне шануюць памяць пра ахвяры Другой сусветнай. І мяне гэта дужа кранула за душу, бо я сама – дзіця вайны. Да сустрэчы! Чакаем вас!

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика