Як чачаранін Руслан Шкалянкоў з 15 гадоў не разлучаецца з гітарай
Жыхар горада Руслан Шкалянкоў любіць перабіраць струны гітары. Выдаваць пальцамі акорды яго навучыў у 15-гадовым узросце стрыечны брат Ігар. Пакрысе, націраючы мазалі, Руслан авалодаў навыкамі ігры.
Спачатку гэта былі няхітрыя мелодыі, але з гадамі яго ўпартаму жаданню падпарадкаваліся больш складаныя творы. Напрыклад, песня Віктара Пятлюры «Я ухожу», або Аляксандра Буйнова «Пусть».
Аднойчы талент музыканта заўважылі і запрасілі прыняць удзел у конкурсе мясцовых дараванняў, прысвечаным Дню горада. Дэбют Руслана атрымаўся выдатны – 1-е месца сярод вакалістаў Чачэршчыны. Прызавое трэцяе месца заняў на абласным фестывалі афганскай песні «Час выбраў нас» у Жлобіне, удзельнічаў і ў раённых спаборніцтвах. З таго часу выступае на святочных мерапрыемствах, вечарынах. Часта яго запрашаюць у раённую бібліятэку, каб запоўніць канцэртную праграму і парадаваць гледача добрым нумарам. Руслан не адмаўляецца ад прапановы, бо і самому падабаецца, і хочацца зрабіць прыемнае людзям. Да таго ж не варта выпускаць шанец паказаць на публіцы свае творчыя здольнасці.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.