песня працы – жнівО

Неба пахваляецца блакітам, у траве стракочуць конікі, паветра насычана ліпеньскай спякотай. Горача і на палетках ААТ “Отар”, дзе хлебаробы адны з першых прыступілі да ўборкі зерневых. Адзін за другім ідуць камбайны па шырокай ніве, загон за загонам скошваюць крохкае паспелае пшанічнае калоссе. Гудуць натомлена маторы магутнай тэхнікі – пакуль гарызонт не зацягнулі чорныя хмары, аграрыі спяшаюцца хутчэй сабраць ураджай. Нават абедаюць па чарзе: пакуль адзін працуе лыжкай, другі вядзе камбайн па залатому полю.У нязменных лідэрах гаспадаркі камбайнёр Сяргей Рослікаў. У гэтым годзе, як прызнаецца хлебароб, выходзіць на жніво асабліва прыемна – працаваць у пары з вопытным памочнікам Кірылам Кандраценкам і лёгка, і зручна. І хаця на асобных палетках ёсць палеглыя ўчасткі, пры ўмове ўзаемапаразумення і спрыяльнага надвор’я зерне будзе ўбрана ў сціслыя тэрміны і з мінімальнымі стратамі. Іх плён і гаспадарскі падыход – добры прыклад маладым. Маладзёжны экіпаж у складзе камбайнёраў Аляксандра Аксёненкі і Дзмітрыя Сядова не адстаюць ад сваіх старэйшых таварышаў. І хаця ў такім складзе яны працуюць першы год, але ўжо паспелі пасябраваць, бо іх аб’яднала адна і тая ж мэта. Людзі магутнай волі, вялікай адказнасці і шырокай душы, надзвычай сціплыя, камбайнёры ААТ “Отар” увесь светлавы дзень аддаюць сябе сваёй высакароднай справе. І толькі кароткі час для адпачынку адрывае іх ад штурвала камбайна. З пасеяных 1200 гектараў азімых і 242 яравых зерневых культур убрана яшчэ толькі частка. Наперадзе – новыя рубяжы і працоўныя вяршыні.
зерне пасля абмалоту няспынным патокам плыве і асядае на зернесушыльным комплексе “Чырвоны Бор”, дзе перад пачаткам уборачнай быў выкананы рамонт: заменены дах плошчай 835 м.кв., праведзена бетаніроўка падлогі, рамонт сцен, умацаваны падмурак. Начальнік аддзела раслінаводства Аляксей Шылец вось ужо 15-ы год кіруе працэсам сушкі і перапрацоўкі абмалочанага. За чатыры дні шэсць адзінак тэхнікі даставілі сюды 1200 тон пшаніцы і трыцікале. Абавязак начальніка аддзела раслінаводства – забяспечыць новаму ўраджаю належнае захаванне. З паразуменнем адносяцца да гэтай важнай задачы вадзіцель ГАЗ-53 Уладзімір Філіпчанка, заўсёды на варце бесперапыннай работы зернесушылкі аператары КЗС Мікалай Гарбачоў, Міхаіл Сямёнаў, а таксама раўняецца на вопытных работнікаў малады выпускнік ДПТВ-186 Яўген Ярмохін. Сёлетняя ўборачная – яго першы экзамен на працоўную загартоўку і самастойнасць. Што лепей: праводзіць вольны час бесклапотна ці аказаць дапамогу працаўнікам сельскай гаспадаркі ў такую гарачую пару і зарабіць грошай? Пяць хлопчыкаў і тры дзяўчынкі выбралі другое. Кожны дзень іх можна ўбачыць на зернетоку. Яны старанна шуфлююць збожжа. І яно сушыцца ад подыху легкага ветрыка і пад промнямі яркага сонца. А сэрцы дарослых перапаўняе пачуццё радасці: “Падрастае добрая смена сапраўдных гаспадароў, добрасумленных хлебаробаў!” ледзь камбайны пакідаюць скошаныя палеткі, як на іржышча выязджае прэс-падборшчык. На прасаванні занята некалькі трактароў. Збіраюць у вялікія рулоны па 200 кілаграмаў сухую салому механізатары Віктар Барысенка, Міхаіл Вошчыкаў, Уладзімір Фомчанка. Пяты год выконвае шэраг сельскагаспадарчых работ Сяргей Дзядкоў, і сёння ён таксама працуе з прэсам, каб хутчэй вызваліць зямельныя плошчы пад сяўбу азімых культур. Спыніцца на кароткі перапынак, і зноў сядае за рулявое ўпраўленне. Марудзіць нельга, час падганяе.
упрыгожванне тэрыторыі зернетока – драўляная разная альтанка. Тут праходзяць кароткія нарады спецыялістаў і вызначаецца план работы. Яшчэ альтанка выконвае функцыі міні-кафэ. Сюды кожны дзень хлеборобам прывозяць абеды. І як прыемна крыху расслабіцца тут, у халадку, пазіраючы на горкі залатога зерня, здабытага іх працавітымі рукамі. Такую ж самую альтанку плануецца ўстанавіць на тэрыторыі малочна-таварнай фермы “Сапрыкі”. Яна стане добрым падарункам жывёлаводам.Поўныя кузавы “залатога пяску” збіраюць вадзіцелі, занятыя на адвозцы, і дастаўляюць яшчэ гарачыя зярняткі на зернеток. Ледзь засігналіць камбайн чырвоным маячком, як да яго на ўсіх парах імчыць шустры “газончык” або цяжкі МАЗ. Андрэй Казлоў толькі выйшаў у рэйс, а ўжо паказаў нядрэнныя вынікі сваёй стараннасці. За дзень ён робіць па 12 і больш ходак. Стымул ёсць, прызнаецца мужчына, а яшчэ вялікая адказнасць за новы ўраджай. Шкада, калі нешта з вырашчанага прападзе. Такіх думак прытрымліваецца і вадзіцель ГАЗ-53 Аляксандр Усаў. Хоць яго машына і меншай грузапад’ёмнасці, але не прастойвае дарэмна ў ціхай прахалодзе машынна-трактарнага парку.
Але не толькі на працаўніках палёў трымаецца дабрабыт гаспадаркі. Спецыялісты заклапочаны стабільным матэрыяльным становішчам як сельгаспрадпрыемства, так і яго работнікаў. Галоўны эканаміст Дзмітрый Аляксеенка прыбыў ў ААТ “Отар” у ліпені 2010 года па размеркаванню пасля заканчэння вучобы ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Яго уважлівае вока сочыць за выкананнем эканамічных паказчыкаў, нарміраваннем і распрацоўкай аплаты працы, за якасцю малака, бо гэта заробак на кожны дзень. Дзмітрый вядзе аналіз усёй гаспадарчай дзейнасці, кантралюе расход гаручазмазачных матэрыялаў і кармоў і г.д. Арганізацыя стабільнай вытворчай дзейнасці гаспадаркі – яго клопат і прамы службовы абавязак. І пакуль што ўсё ідзе як трэба.Горача ў небе, горача ў полі, горача на залатым канвееры. І ўсё будзе ў парадку, таму што гарачыя сэрцы гаспадароў жніва пульсуюць у рытм матораў сталёвых караблёў, б’юцца ва ўнісон грукату шыроказахопнай жаткі і ў такт кожнага новага ліпеньскага дня. Загарэлыя, дужыя, спрытныя і трывалыя – яны сёння самыя галоўныя героі. За імі – шчаслівае жыццё і росквіт.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика