МАРШРУТАМі АЎТАЛАЎКІ

Панядзелак. Сонца ў зеніце, на двары плюс трыццаць чатыры, а ў машыне ГАЗ-3309 і таго гарачэй. Але нягледзячы ні на якое надвор’е аўтамагазін АСП “Чачэрскае” выязджае ў рэйс па звыкламу маршруту. У гэты дзень яго шлях ляжаў у аддаленыя маланаселеныя пункты Палескага сельсавета. Папоўніўшы перасоўную краму харчовым таварам, аформіўшы неабходныя дакументы, вадзіцель Мікалай Янкоўскі выруліў на трасу. Яго спадарожніца, прадавец чацвёртага разраду Аліна Клімянкова, ехала ў засажэўскую зону ў гэтай якасці ўпершыню – падмяняла Алесю Цебянкову, якая знаходзіцца ў адпачынку. Аднак дзяўчына дарэмна хвалявалася, гандаль прайшоў без здарэнняў. Але на першым жа прыпынку – в.Будзішча – зацікаўленыя жыхары спыталі: “А дзе наша Алеся?”. Журылася пра адсутнасць свайго Цвеціка і пенсіянерка Марыя Пракопаўна Арлова з п.Перадавік, і прасіла яшчэ раз падзячыць за якаснае гандлёвае абслугоўванне былога вадзіцеля аўтамагазіна Паўла Лазавога. “Такі добры хлопец, дай Бог яму здароўя! Нам крыху сумна без яго”, – з ноткамі лёгкай роспачы ў голасе гаварыла сяльчанка.
І сапраўды, вяскоўцы хутка прывыкаюць да персаналу, які іх абслугоўвае. Адкрытыя душой, шчырыя і добразычлівыя, яны двойчы на тыдзень спяшаюцца не толькі набыць неабходныя прадукты, а і прагнуць паразмаўляць з гарадскім чалавекам. Пяшчотнае слова і шчырая ўсмешка – самы лепшы тавар для палескіх жыхароў. Яны так радуюцца кожнаму візіту аўтамагазіна, што нават ніхто з іх не выказаў ні слова крыўды за вымушанае спазненне машыны. Церпяліва чакалі, прысеўшы ў цянёчак на лаўку, або проста на прызбе. Кожны набыў сабе нешта па густу: хто малачка, хто масла, хто творагу. Абавязкова ішлі ў продаж хлеб і запалкі, цукар і каўбаса. Мужчыны выбіралі цыгарэты, нехта з пенсінераў набываў віно, а старыя бабулі вырашылі папесціць сябе і ўнукаў марожаным. У наступны раз заказалі прывезці яек і ледзянцоў.
Улетку працаваць лягчэй, заўважыў вадзіцель Мікалай Янкоўскі. А вось куды складаней пераадольваць адлегласць, скажам, да Высокай Грывы ў міжсезонне. Праўда, там і зараз пяскі непраходныя, а вясной і восенню дарогі наогул размывае, тут ніякія шыпованыя колы не дапамогуць. Колькі разоў прыходзілася падоўгу буксаваць у каляіне. А ўзімку шлях перашкаджаюць вялікія сумёты. Таму на ўсялякі выпадак з сабой заўсёды лапата, лом і сякера. “Трэба яшчэ і пілу прыхапіць”, – робіць выснову Мікалай. У лясных масівах дарогу аўтамагазіну перабягаюць не толькі курапаткі, казулі і дзікія кабаны. Бывае, што праехаць не дае паваленае тоўстае дрэва – і тады людзі могуць застацца без прадуктаў. Але такое здараецца рэдка.
Нараканняў у насельніцтва на гандлёвую службу не паступіла, акрамя аднаго – будзішчане паскардзіліся, што ўзімку ў чаканні аўтамагазіна няма дзе схавацца ад ветру і сцюжы. На краю вёсачкі хоць бы які зацішак ад холаду знайсці. І яшчэ іх вельмі хвалюе лёс мясцовай крыніцы, якая з гадамі абрушылася і патрабуе добраўпарадкавання. Кожны раз сюды нехта прыходзіць за чыстай вадзіцай. “Нас хоць і не стане, але крыніцу трэба захаваць. Гэта ж амаль гістарычнае месца”, – журыцца пенсіянер Аляксей Пракопавіч Лаўрэнаў. Ды і вясковыя могілкі ў запушчаным стане. Жыхарка ж в.Рудня-Барталамееўская, якая жыве па в.Зарэчная,4 хвалюецца – а што калі раптам на хату ўпадуць два аварыйныя дрэвы? Ды і старая ліпа пад цяжарам шатаў лопнула амаль да самага кораня. Хто дапаможа іх ліквідаваць? Вяскоўцы просяць падтрымкі ў мясцовай улады. А ў астатнім – усё цудоўна.
…Апошні сігнал машыны прагучаў, апошні пакупнік з набытым харчам накіраваўся дадому і гарачы матор напалову апусцелага “газончыка”, як нам падалося, весялей закруціў паршнявой. Дарога дадому заўсёды здаецца карацейшай. Працоўны дзень завяршыўся, а заўтра – на наступны маршрут. І там ужо вясковыя пакупнікі з нецярпеннем чакаюць такую жаданую краму на колах.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика