Свята земляробчага каляндара «Ваджэнне куста» прайшло ў Меркулавічах
Свята земляробчага каляндара «Ваджэнне куста», якое ўжо шмат гадоў праводзяць удзельнікі народнага фальклорнага калектыва «Меркулавіцкія вячоркі», вяртае нас да вытокаў.
Гэта цікавае відовішча, якое праводзіцца на Троіцу, культ росквіту расліннасці, замовы на добры ўраджай і сямейны дабрабыт, форма рытуальнага ўзнаўлення сувязі паміж членамі роду. Звычайна напярэдадні вяскоўцы ўпрыгожвалі сваё жыллё галінкамі бярозы, клёна, а таксама аерам – у іншых рэгіёнах яго яшчэ называюць «маем».
У Меркулавічах на свята водзяць Куста. Выбралі самую прыгожую дзяўчыну, прыбралі ў зеляніну, кветкі і выйшлі на вуліцу. З вясновымі і таночнымі матывамі, шырокімі карагодамі і абыходам двароў працэсія накіравалася да мясцовага вадаёма. Ідучы па вёсцы, жанчыны спявалі траецкія песні, ушаноўваючы багацце прыроды і праслаўляючы шчадроты роднае зямлі. Такія магічныя рытуалы, як апусканне вянка на ваду са стужкамі пажаданняў, частаванне агульным караваем і абрад кумлення служаць зарокам на добрае здароўе, сяброўства, на ўрадлівасць пасеваў, багацце зямлі, а таксама фарміруе ўяўленне, што людзі – адна супольнасць, і яднаюцца не толькі паміж сабой, але і з’яўляюцца часткай асяроддзя, у ладу і сугуччы зліваюцца з навакольным светам.
Да абрадавых рытуалаў з задавальненнем далучыліся жыхары Меркулавіч, госці, дарослыя і дзеці. Агульнае свята росквіту прыроды выклікала шмат пачуццяў, натхніла і ўразіла.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ