Карціны з натуры Васіля Зяцікава
Сцены хаты бяляеўскага мастака Васіля Зяцікава, якога клічуць мясцовым Шышкіным, упрыгожваюць карціны. Сярод работ Васіля Кузьміча пераважаюць пейзажы.
Асноўным накірункам творчасці ён выбраў ландшафт. А ўсё таму, што дом прымыкае да лесу. За гародам зялёная хвоя, свежае паветра з чабаровым пахам і прыгажосць роднага краю. Гуляючы па лясных сцяжынках, збіраючы суніцы, ён адшуквае для сваіх карцін удалы ракурс і адметныя моманты росквіту зямлі.
На гладкія лапікі палатна кладуцца высокія сосны, пералескі, ціхія воды рэчак, блакітны небасхіл і бязмежнае мора кветак. Яго работы нібы маляваная казка, што зачароўвае і мёдам кладзецца на душу.
Васіль Зяцікаў скончыў Маскоўскі завочны народны ўніверсітэт мастацтваў. Спачатку працаваў паштальёнам, потым выкладаў маляванне ў школах вёсак Каменка і Загор’е. Нашаму земляку болей за 80 гадоў, аднак пэндзлік з рук не выпускае. Зараз завяршае работу «Квітнеюць лотас і фіялкі», якая хутка закрасуецца поруч з карцінамі «Лунная ноч», «Залатая восень» і «Сасна над Сожам».
В.БАГДАНОВІЧ