З Дня жывёлавода
У малочнай справе любыя пралікі аказваюцца даволі дарагімі. Кожная кропля багатага на лактозу рэчыва ў сельгаспрадпрыемстве на ўліку, але ва ўмовах канкурэнцыі асабліва актуальным становіцца пытанне не столькі колькасці, колькі якасці. Яшчэ раз на гэтым акцэнтавалася ўвага на Дні жывёлавода, які прайшоў на МТФ “Матнявічы” СГФ “Прыазёрны”. Апошнім часам штодзень у гаспадарцы надойваюць на карову амаль 15 літраў малака (па раёну – 12). У рацыён жывёлы ўключаюць патаку, неабходныя дабаўкі. Каля васьмі тон атрымліваецца ў цэлым малака за суткі. Каб пры гэтым яшчэ рэалізаваць усё вышэйшым гатункам, трэба вытрымліваць неабходныя ўмовы захоўвання. А вось тут якраз наадварот атрымалася: некалькі дзён запар прадавалі частку малака нават другім гатункам. Як знарок, зламаўся халадзільнік. Па той жа прычыне спыніўся закуп малака і ў прыватным сектары. А набыць новы халадзільнік не надта лёгка аказалася. Гэта патлумачыў выконваючы абавязкі дырэктара ААТ “Чачэрскагратэхсэрвіс” М.М. Грушэўскі: “Калі пачаўся эканамічны крызіс, пастаўкі імпартнай прадукцыі скараціліся да мінімуму. Цяпер без перадаплаты ніхто не жадае працаваць. Ды і не так лёгка знайсці халадзільнік на шэсць тон. Але прыкладаем усе намаганні, каб у хуткім часе выправіць сітуацыю на ферме”. Тым больш, што з дня на дзень кароў выганяюць на пашу з люцэрнай, а гэта сведчыць аб тым, што надоі павінны яшчэ больш узрасці. “Лічбы па надоях, канешне, радуюць. А вось закупачны кошт на малако значна знізіўся. У мінулым месяцы рэалізавалі дзяржаве на 14 тон малака менш, чым ў гэтым, але грошай за яго атрымалі тады на 22 млн. больш”, – працягвае Міхаіл Міхайлавіч.
Не менш актуальна паўстае пытанне стварэння належных ўмоў працы. На ферме толькі адзін малакапровад і аператары машыннага даення вымушаны самастойна насіць у малочны блок прадукцыю. За вылучаныя на рэканструкцыю фермы грошы плануецца правесці яшчэ два малакапровады, тлумачыць М.М. Грушэўскі.
Наталля СУВАЛАВА.