ПОСПЕХІ, ПРАБЛЕМЫ, ПЛАНЫ
На базе дзіцячай школы мастацтваў адбыўся справаздачны пленум Чачэрскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў культуры з удзелам намесніка старшыні Гомельскага абкама прафсаюза работнікаў культуры Васіля Дзямчыхіна. На пасяджэнні была заслухана справаздача Васіля Яфімавіча аб рабоце, праведзенай абласной прафсаюзнай арганізацыяй за 2010-2012 гады, у ходзе якой дакладчык прадаставіў шырокую інфармацыю па тэме і акцэнтаваў увагу на тым, што неабходна знаходзіць не толькі добрыя словы прафсаюзным лідарам за іх актыўную дзейнасць, але і вынайсці сродкі для матэрыяльнага заахвочвання. Затым былі заслуханы выступленні старшыні РК прафсаюза работнікаў культуры Ганны Піліпенка, намесніка начальніка аддзела культуры Алены Фенік, інспектара па ахове працы аддзела культуры Алы Салюценка. Гаварылі аб прафсаюзных поспехах і праблемах работнікі ўсіх структурных падраздзяленняў сферы культуры, і адным з асноўных называлася пытанне замацавання маладых спецыялістаў. Слушнай была заўвага адносна забеспячэння культасветнікаў спецадзеннем, паступіла прапанова актывізаваць дзейнасць грамадскіх інспектараў і інш. У цэлым работа Чачэрскага РК прафсаюза работнікаў культуры прызнана здавальняючай.