Залеская школа ўжо дзесяць гадоў працуе пад новым дахам
У гэтым годзе Залеская школа адзначае сваё 10-годдзе. Наогул, у Залессі дзяцей пачалі навучаць грамаце яшчэ ў 1884 годзе, калі была адкрыта царкоўна-прыхадская школа. Аднак той будынак нельга параўнаць з сённяшнім утульным памяшканнем.
У гэтым годзе тут пераступілі парог 129 вучняў, якім будуць выкладаць 35 настаўнікаў, з іх 75% маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Усяго ж у штаце разам з тэхперсаналам 63 супрацоўніка. У абавязкі калектыва ўваходзіць таксама выхаванне малышоў дашкольнага ўзросту, а іх сёлета ў яслях-садзе 40.
Сёння педагогі могуць ганарыцца поспехамі вучняў. За апошнія гады яны заваявалі шмат дыпломаў на абласных канферэнцыях даследчых работ, маюць 1-е месца ў рэспубліканскім конкурсе «Школьны сад». Распрацавалі 3 інавацыйныя праекты. Сярод іх укараненне мадэляў фарміравання радыяцыйнай культуры з улікам рэгіянальнай спецыфікі, што вельмі важна для юных жыхароў Залесся.
Пра якасць навучання гавораць факты. Так, выпускнік Андрэй Данілаў, які працуе настаўнікам у Гомелі, працягвае павышаць адукацыю ў магістратуры. А Дар’я Верталь паступіла ў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт на мадэліраванне па тэхналогіі 3D.
Шмат робіцца ў Залессі і для працоўнага выхавання, а навакольная тэрыторыя – вялікі ягадны агарод.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ