СПОРТ – ЗАНЯТАК І ГУЛЬНЯ
Пасля часовага летняга перапынку ў раёне зноў распачалася цікавая спартыўная гульня “Вясёлыя старты”. На базе Ленінскага сельскага Савета прайшла сустрэча каманд “Усмешка” (ДУА “Камуна-Ленінская базавая школа-дзіцячы сад”), “Белая Русь” (Ленінскі сельсавет) і “Дзеці Міхалыча” (фермерская гаспадарка “АртАгра”). Перад пачаткам мерапрыемства дзяўчынкі на роліках вынеслі сімвал года – прыгожага Дракончыка, па ўсёй спартыўнай зале Камуна-Ленінскай школы пранеслі на рушніку духмяны свежы каравай, з прывітальным словам выступіў старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Малюкоў, былі праведзены іншыя традыцыйныя дзеі і спаборніцтва пачалося. Зала гула і шумела, балельшчыкі крычалі і хлопалі ў далоні, падтрымліваючы свае каманды, а самі ігракі з усіх сіл імкнуліся да перамогі: пераадольвалі дыстанцыю са спартыўнымі абручамі, праходзілі праз “балота”, скакалі на скакалках. І, як ніколі, у такія хвіліны вельмі неабходнымі былі і сяброўскае плячо, і падтрымка суседа па камандзе, і агульнае духоўнае яднанне. Менавіта пры ўмове наяўнасці ўсіх гэтых якасцяў і стала магчымай перамога лідара спаборніцтва, якога аб’явіў галоўны суддзя Юрый Канцавенка. Першае месца адваявалі ўдзельнікі з “Белай Русі”. Другімі сталі члены каманды “Усмешка”, а “Дзеці Міхалыча” занялі трэці прыступак п’едэстала. Спартландыя не толькі вызначыла самых дужых і спрытных. Яна згуртавала, пасябравала, надала вялікі зарад бадзёрасці і добрых эмоцый усім, хто сабраўся ў той восеньскі вечар на спартыўнае відовішча.
Паказалі выдатныя творчыя здольнасці і вучні мясцовай установы адукацыі. Хлопчыкі і дзяўчынкі парадавалі прысутных музычнымі нумарамі. Асабліва моцныя апладысменты гучалі ў адрас самых маленькіх артыстаў. Танец “Усходні” ў выкананні Дзіаны Роевай так спадабаўся гледачам, што авацыі літаральна ўзарвалі паветра. Харэаграфічная пастаноўка “Танец качанят”, прадстаўленая вучнямі малодшых класаў, таксама выклікала добрыя пачуцці. Нікога не пакінулі раўнадушнымі арыгінальнасць ігры на акардэоне і багацце таленту педагога дзіцячай школы мастацтваў Ксеніі Кручык. Адным словам, свята настрою і спартыўнага духу ўдалося.