МАКСІМУМ СПОРТУ І СМЕХУ
Знаёмыя мелодыі рытмічных маршаў літаральна разарвалі паветра спартыўнай залы Залескай сярэдняй школы, дзе ў чарговы раз сабраліся аматары здаровага ладу жыцця, каб прыняць удзел у раённай спартакіядзе “Вясёлыя старты”. Пацягацца ў спаборніцтвах на хуткасць, спрыт і фізічную закалку пажадалі тры каманды: “Маланка” ДУА “Залескі яслі-сад-сярэдняя школа”, “Праметэй” Палескай школы і ўдзельнікі ад Ленінскага сельскага Савета “Белая Русь”. Пасля прадстаўлення каманд і ўрачыстага ўзняцця сцяга гульня пачалася. Конкурсы “Перадача эстафетнай палачкі”, “Папялушка”, “Алімпійскі агонь”, “Пасадзі і збяры ўраджай” і іншыя пераадольваліся ігракамі хоць і з лёгкасцю, але з рознымі вынікамі. Відовішчнымі былі конкурсы па скачках у мяхах, «Пінгвін». Але ўсё ж галоўным было сама сустрэча, здаровае саперніцтва, лёгкая эйфарыя ад прадчування навагодняга свята і жаданых казачных дзівосаў. А яны пачаліся ўжо прама там, на фінішнай пляцоўцы спартыўнай залы, калі напярэдадні навагодніх святаў цуд прыйшоў да вучняў Залескай школы Вольгі Панаськовай, Ганны Хрысцінай і Дар’і Верталь, якія атрымалі салодкія пачастункі за добрыя поспехі ў вучобе, спорце і творчай дзейнасці ад імя дэпутата Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў па Чачэрскай выбарчай акрузе №60 Анатолія Фейгіна. А ўручыў падарункі старшыня Чачэрскага райсавета дэпутатаў Сяргей Малюкоў. Удзельнікі ўзорнай вакальнай студыі “Дзеці сонца”, кіраўніком якой з’яўляецца Таццяна Асадчая, а музычнае афармленне рыхтуе для дзяўчынак акампаніятар Мікалай Асадчы, таксама былі здзіўлены прыемным сюрпрызам: дэпутаты Чачэрскага райсавета дэпутатаў парадавалі юных зорачак навагоднімі гасцінцамі, а дырэктар ААТ “Отар” Таццяна Струк набыла для адароных дзяцей радыёлакальную сістэму. Кіраўнік калектыву была вельмі расхвалявана такім дарункам. “Мы ўдзячны ўсім, хто стварыў нам сёння сапраўднае свята, – сказала ў сваім выступленні Таццяна Васільеўна. – Ад сябе і ад імя нашых удзельнікаў асабліва хачу аддзячыць Таццяне Аляксееўне Струк за яе сардэчнасць, увагу да нашых выхаванцаў і непасрэдны ўдзел у творчым лёсе вакальнай студыі. Тым больш што такая дапамога нашаму калектыву вельмі неабходна. Ну а мы пастараемся і надалей радаваць гледачоў сваім талентам і яркімі канцэртнымі нумарамі”.
Хто ў гэты дзень атрымаў цукеркі, а хто – Дыплом за перамогу. І гэтым шчасліўцам стала каманда гаспадароў правядзення мінулага паўфіналу “Маланка”, якая з першага конкурсу вырвалася наперад і ўпэўнена ішла да пальмы першынства. Палескія “Праметэі” занялі другое месца, а трэцімі выйшлі з гульні ўдзельнікі Ленінскага сельскага Савета – “Белая Русь”. Але ўсё ж такі кожны з тых, хто стаяў на старце, варты добрых слоў, бо перамог уласную ляноту, млявасць і апатыю, смела выйшаў за капітанам каманды на прамую фінішную і не саступіў з яе. Азарт спаборніцтва надаў усім прысутным настрою, пазітыўных пачуццяў, насыціў арганізм адрэналінам. А смех і станоўчыя эмоцыі падаўжаюць чалавеку жыццё.