АДКАЗнасць ЗА БУДУЧЫ ЎРАДЖАЙ
Прыемна глядзець на зялёную рунь, якая пад летнім сонейкам паступова набіраецца соку. Радуе вока хлебная ніва, на якую ўлетку выходзяць камбайны. Нішто не параўнаецца са смакам свежага пахучага малака, а дамашнія каўбаскі дарэчы да святочнага стала. Прыемная і маляўнічая карціна. А каб дасягнуць гэтага, сёлета аграрыі раёна ставяць перад сабой вялікія задачы па вытворчасці сельгаспрадукцыі. Аб планах хлебаробаў і прагнозных паказчыках аграрнага сектара расказвае выконваючы абавязкі начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Мікалай МІХАЛКОЎ:
– Перад раёнам ставіцца мэта атрымаць 49,3 тысячы тон валавага збору зерня і кукурузы пры ўраджайнасці 30,7 ц/га. Рапсу неабходна будзе сабраць 6,1 тыс. тон з ураджайнасцю 21 ц/га, бульбы – 6,2 тыс. тон (248 ц/га). Перад жывёлаводамі не менш складанае заданне – дасягнуць валавога надою малака 27,8 тыс. тон, надой на адну карову – 4700 кг. Ужо абазначаны пасяўныя плошчы, на якія хутка выйдзе сельскагаспадарчая тэхніка. Вясенне-пасяўная кампанія прадугледжвае сяўбу яравых культур на 6800 гектарах, насенне кукурузы на зерне ляжа ў глебу на плошчы 2500 гектараў, і 7000 гектараў плануецца выдзеліць для каралевы палёў на сілас. Аб’ёмы работы, як бачым, не малыя, і, каб задуманае ўдалося, трэба мець моцны тэхнічны падмурак. Гатоўнасць сельскагаспадарчай тэхнікі – адна з галоўных умоў поспеху. На сёння ў раёне маецца 23 энерганасычаныя трактары маркі “Беларус – 3022”, пяць МТЗ-2522, адзін “НьюХолланд”, 17 камбініраваных і 23 глебаапрацоўчых пасяўных агрэгаты, 30 адзінак тэхнікі для ўнясення мінеральных угнаенняў і 28 – арганічнага ўгнаення і яшчэ 16 трактароў розных відаў і марак. Рамонт усяго “баявога запасу” пачаўся яшчэ ў лістападзе 2012 года. А ў снежні прафінансаваны рамонтныя работы з абласнога бюджэту на суму 441 млн. рублёў. У ААТ “Чачэрскагратэхсервіс” на дадзены момант знаходзіцца на “лячэнні” больш 40 адзінак тэхнікі, з якіх 12 камбайнаў, якія былі задзейнічаны на ўборцы кукурузы і сланечніку. З мэтай памяншэння затрат на дадзеныя мэты ў першым і другім кварталах плануецца яшчэ выдзеліць дадаткова 727 млн. рублёў з абласнога бюджэту. Фінансаванне работ будзе праходзіць па прынцыпу 50 на 50 – палову ад неабходнага на рамонт машынна-трактарнага парку павінны забяспечыць самі гаспадаркі раёна. Аналізуючы праведзеныя мерапрыемствы, адзначу, што лепш за астатніх спраўляюцца з падрыхтоўкай да вясенняй сяўбы ў ААТ “Отар”, ААТ “МатнявічыАгра” і КСУП “Звязда”. Не да канца разумеюць усю сур’ёзнасць справы і не ўпісваюцца ў графік работы КСУПы “Батвінава” і “Палессе”, ПСУП “Роўкавічы”. Кіраўніцтва гаспадарак, аграномы і іншыя спецыялісты, мякка кажучы, знаходзяцца ў спячцы. А ўжо да 1 сакавіка, згодна рэкамендацыі Міністэрства сельскай гаспадаркі РБ, першыя трактары павінны быць гатовымі выйсці ў поле. Выклікае трывогу і становішча з пасяўным матэрыялам. Насення яравых культур недастаткова ў батвінаўскіх, палескіх і вазнясенскіх хлебаробаў. Хачу напомніць сяльчанам Чачэршчыны пра адказнасць і заклікаю выправіць сітуацыю ў бліжэйшы час. Мы ў адказе за будучы ўраджай, і забываць пра тое нельга!