ПАМІЖ ЛІПАЎ “ГУДЗЕЎ” ЧАБАТОК
Шмат таямніц яшчэ прыгатаваў для нас наш край, упэўнена бібліятэкар Бяляеўскай бібліятэкі Марына Іванова. Як мала яшчэ мы ведаем свае карані, як нямнога захавалі для нашчадкаў. Адыходзяць у небыццё людзі, адміраюць старыя бацькоўскія традыцыі, знікаюць вёскі. І таму ўвазе чытачоў Марына, а разам з ёй і аўтар гэтага матэрыялу, прапануюць радавод аб маленькай вёсачцы, звестак аб якой няма нават у кнізе “Памяць. Чачэрскі раён”.
Аднойчы даўным-даўно паміж Каменкай і Бяляеўкай, на круглай палянцы сярод густога лесу задымілі коміны вясковых хат – у 1923 годзе падчас раскулачвання сабраліся некалькі мужыкоў, агледзелі мясцовасць і вырашылі: будзем тут жыццё наладжваць. Дружна застукалі сякеры, заспявалі кабеты – і хутка на вуліцы вырасла дзевяць падворкаў. Нагадвала пасяленне чабаток з абцасам, бо стаяла на павароце рачулкі перад выхадам у р. Молінку. Вёску так і назвалі – Чабаток, а яе жыхароў, адпаведна, празвалі “чабаткоўцамі”. Зарадаваліся людзі, што ёсць у іх цяпер свой вугал, кавалак зямлі ды добрыя суседзі. Спачатку жыхароў было за 70 чалавек, калі вёска разраслася дзесьці да 20 двароў. Амаль каля кожнай, нібы нявесты ў белым вэлюме, красаваліся дрэвы чаромхі. Вяскоўцы вельмі любілі сваю зямлю, сваё паселішча і абжывалі яго з душой. Дзядька Гэрман выкапаў на ўласным агародзе невялікае возера, якое затым сталі называць Гэрманавым. У Зосімавай запрудзе лавілі ракаў, а ў копанцы “Чабаток”, што пасярод рачулкі Млынок, дзеці і дарослыя збівалі з цела гарачыню, і аж да 80-х гадоў сюды прыходзілі купацца людзі з суседніх вёсак.
Калі родныя мясціны пакінуў апошнім з вяскоўцаў Павел Цімафеевіч Пяўнёў, не стала вёскі, “знасіўся” Чабаток, толькі таго і засталося, што прыгожая назва ды некалькі старажылаў, сярод якіх М.І.Агеенка. “Мы грыбы збіралі прама пад вокнамі, – успамінае Марыя Іванаўна. – Шмат было белых, лісічак, а ягад – касой касі!”. Толькі былыя чабаткоўцы ды дзве старыя ліпы па абодва канцы вуліцы – жывы напамін пра мінулае. Праўда, памятаюць пэўна жыхароў і крынічныя ключы пасярэдзіне, у якіх бралі ваду чабаткоўцы, і захаваная ў гушчары сажалка, дзе мылі і пралі бялізну. Зараз на месцы вёскі штогод бушуе кукуруза, ды пшаніца вышынёй амаль у чалавечы рост. Сваім ціхім шапатком каласы нібы хочуць расказаць, як мірна і шчасліва жылося тут сялянам. Цяпер амаль усе яны ляжаць сярод лесу прыблізна ў кіламетры ад Чабатка, на бацькоўскіх могілках.