НА КУКУРУЗНЫМ ПОЛІ ГОРАЧА
Машынна-трактарны парк КСУП “Звязда” прабуджаецца, калі яшчэ нават пеўні спяць. Залкаватае паветра майскай раніцы настойліва прастрэльвае гул матораў сельскагаспадарчай тэхнікі, як бы напамінаючы наваколлю, што кожная хвіліна хлебароба на строгім уліку. Зерневыя яравыя ўжо гатовы прабіцца праз рыхлую глебу і з цемры падняцца насустрач жыццю, а зараз на веснавыя палеткі роўнымі радкамі з-пад пасяўных агрэгатаў кладзецца насенне каралевы палёў. У сельгаспрадпрыемстве запланавалі пад гэту культуру 1 650 гектараў зямлі, з якіх 1 300 га пойдзе на сілас і зялёную падкормку. Пра тое, як вырасціць і атрымаць высокую ўраджайнасць у галіне раслінаводства – клопат аграномаў, а турботы сённяшняга дня кладуцца больш за ўсё на плечы механізатараў: своечасова і па тэхналогіі апрацаваць і засеяць гладкае кукурузнае поле.
Не першы год за баранкай магутнага трактара МТЗ-3022 вопытны аграрый Мікалай Брайкоў (на фота). На якой скорасці рухацца, як правільна правесці рэгуліроўку вузлоў і агрэгатаў, колькі затраціць насення на той або іншы пасяўны ўчастак – ён ведае напамяць. Самае галоўнае, чаго прытрымліваецца механізатар у сваёй рабоце, – гэта не дазваляць сабе расслабіцца, не давяраць на авось – усе трэба праверыць, пракантраляваць, пераглядзець. Вось толькі не атрымоўваецца ў Мікалая Васільевіча ў штодзённым накалістым тэмпарытме вясенняй пасяўной вынайсці для сябе хоць адну лішнюю гадзіну. Як ні лічы, як ні выкручвай, але з шасці раніцы да 22.00 ён знаходзіцца ў пары са сваім нязменным і надзейным сябрам “Беларусам”. У дзень яго трактарок на тысячы конскіх сіл прабягае з сеялкай у сярэднім па 30 гектараў. Гарачае дыханне тэхнікі, пылкае сэрца хлебароба і цёплы май – вось маляўнічая карціна кругавароту жыцця на сяўбе-2013.