Отарскія хлебаробы завяршаюць сяўбу кукурузы
На отарскіх палетках на пасяўную выйшла ўся сельскагаспадарчая тэхніка. У гэтым годзе гаспадарцы належыць пасеяць 1 200 гектараў элітных сартоў кукурузы.
З першага і да апошняга дня на падрыхтоўцы глебы трактарыст Міхаіл Мінянкоў. Кіраўніцтва гаспадаркі дзячыла хлебароба за старанні і прафесійную адказнасць. Міхаіл упэўнены, што не падвядзе свой калектыў і забяспечыць правядзенне веснавой кампаніі на ўсе 100 ад соткаў.
За культыватарам ходзіць з сеялкамі трактар Анатоля Круглікава. Кожны раз, прызнаецца мужчына, у поле выходзіш з лёгкім хваляваннем. Бо хоць працэс даўно знаёмы і рытм звыклы, іншы раз сэрца зашчэміць: якім будзе колас, ці хопіць раслінам вільгаці і сонейка. За дзень тэхніка праходзіць ад 40 да 60 гектараў. Анатоль на кукурузе ў трэці раз, а да гэтага 12 гадоў працаваў на зерневых. Калі патрабавалі абставіны, наразаў барозны, акучваў і рыхліў надзелы бульбы. На вёсцы без узаемавыручкі немагчыма.
Пакуль аграрыі запахваюць у глебу зерне кукурузы, на суседнім участку ўжо забяспечыў фундамент пад новы ўраджай другога хлеба Уладзімір Коцікаў. За 42 гады працы ў сельскай гаспадарцы яму пакарыўся не адін гектар пладароднага кліну. На бяскрайніх палеткавых абшарах ён садзіў і сеяў, дыскаваў і баранаваў, касіў бацвінне і адвозіў зялёную масу. Вось і зараз на сваім МТЗ-82 з бульбянога поля плануе пераехаць на сенакосы. Маладыя травы з кожным днём набіраюць моц і хутка лягуць у кармушкі жывёлы. А для гэтага трэба падварушыць пакосы, сабраць у качулкі і адвезці на сенасховішча.
Вядома, што добрым дадаткам да кармавога стала жывёлы з’яўляецца сланечнік. Каб кружэлкі мелі аб’ём і напоўніліся сокам, важна забяспечыць рост расліны і карнявую падпітку. На падрыхтоўцы 60 гектараў глебы пад гэту культуру працаваў Міхаіл Карлоўскі і з задачай справіўся ў тэрмін. Пасля масавых работ на кукурузе яго калега Дзмітрый Худалей паставіў тэхніку на прафілактычны рамонт – трэба настроіць агрэгаты і быць гатовым да ўборкі кармоў.
Важна прывесці кормаўборачны камбайн у належны стан. Тут жа завіхаецца каля свайго сталёвага каня і Аляксандр Ткачэнка. Знакаміты ў раёне малады перадавік рыхтуе энерганасычаны трактар МТЗ-3522 для трамбаўкі і падбуртоўкі сіласных ям. Ужо бліжэй да канца месяца пад нажы касілак пойдуць першыя ўкосы сакавітай «зялёнкі».
Зладжаная работа калектыва забяспечыць сельгаспрадпрыемству бесперабойны працэс сезонных клопатаў. Якасць веснавых палявых работ залежыць не толькі ад надвор’я, якасці насення і належнага стану машынна-трактарнага парка. Падсілкавацца і набрацца сіл для новага рыўка не менш важна. Дастаўку абедаў працаўнікам ажыццяўляюць вадзіцель Уладзімір Дзядкоў і раздатчыца Кацярына Еўстраценка. У сярэднім, да 30 чалавек за дзень харчуюцца, колькасць сталовых порцый разам з вячэрай дасягае 40.
Ёсць жадаючыя да гарачых страў і сярод жывёлаводаў. Тым больш, што за абед прадугледжана аплата ўсяго 10 працэнтаў ад кошту.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ
На фота Аляксандр Ткачэнка і Дзмітрый Худалей.