КЛОПАТЫ ПРА БУДУЧЫ ЎРАДЖАЙ
Пятнічная сустрэча старшыні райвыканкама са спецыялістамі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў і адказнымі насіла сур”ёзны характар, быў акрэслены шэраг важных пытанняў, якія садзейнічаюць выкананню прагнозных паказчыкаў па вытворчасці сельгаспрадукцыі і арганізацыі працоўнага працэсу. У каторы раз гаварылася пра неабходнасць добраўпарадкавання вытворчых тэрыторый вакол малочна-таварных ферм і машынна-трактарных паркаў. Іван Іванавіч Ком паставіў кароткі тэрмін для навядзення парадку – да 1 ліпеня пустэчы за “глухой” сцяной жывёлагадоўчых памяшканняў і МТП павінны быць вызвалены ад пустазелля, праведзены пасеў культурнай расліннасці, пасаджаны кветкі і ўстаноўлены малыя архітэктурныя формы. На многіх фермах маладняк і БРЖ утрымліваюцца па пуза ў гнойнай жыжцы, што ідзе ў разрэз з правіламі ўтрымання статка, садзейнічае захворванням пагалоўя, жывёла мае непрывабны выгляд. Выправіць становішча рэкамендавана ў самыя кароткія тэрміны.
Адным з першачарговых накірункаў работы ў АПК з”яўляецца таксама і падрыхтоўка да ўборкі зерневых. З 46 зернеўборачных камбайнаў у раёне 43 павінны стаяць на лінейцы гатоўнасці ўжо 1 ліпеня, каб пры першай неабходнасці выйсці ў поле. Гарантыя поспеху зернеўборачнай кампаніі – своечасова сабраць ураджай і правесці правільны дэтальны ўлік вырашчанага, для чаго загадзя правесці паверку габарытных вагаў у кожнай гаспадарцы.
Старшыня райвыканкама даручыў кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў за мінулыя выхадныя правесці абследванне прапашных культур і іх апрацоўку. Гаварылася і пра тое, каб на базе ААТ “Чачэрскагратэхсервіс” наладзіць рамонт бульбаўборачнай тэхнікі і пачаць выпуск зернесушыльнага абсталявання. Закраналіся і іншыя балючыя тэмы, былі пастаўлены пэўныя задачы.