Ураджай-2009
Перад асноўнымі работамі ўборачнай кампаніі на базе КСУП “Роўкавічы” пад началам першага намесніка старшыні Чачэрскага райвыканкама А.Я.Буслава быў праведзены выяздны выканкам з удзелам кіраўнікоў і галоўных спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў, членаў райвыканкама і прадстаўнікоў зацікаўленых служб раёна. Размова вялася аб пытаннях падрыхтоўкі да ўборкі зерневых, гатоўнасці вагавай гаспадаркі (з 21 адзінкі абсталявання да сезону падрыхтаваны 12) і зернесушыльных комплексаў. Са станоўчага боку характаразавана работа адносна гатоўнасці камбайнаў у гаспадарках “Вазнясенск”, “Отар” і “Звязда”. Хвалявала кіраўніцтва раёна і гарантаванае забеспячэнне тэхнікі бяспекі земляробаў падчас уборкі. Катэгарычна забаронена прымаць на зернетакі падлеткаў ва ўзросце да 16 гадоў. Кожны год у Беларусі здараюцца няшчасныя выпадкі з дзецьмі са смяротным зыходам. Персанальная адказнасць за выкананне дадзенага патрабавання кладзецца на кіраўніка прадпрыемства.
У ходзе мерапрыемства закраналіся пытанні наяўнасці неабходнай дакументацыі на ўборцы, правядзенне інструктажоў па тэхніцы бяспекі, забеспячэнне аграрыяў спецадзеннем і сродкамі пажаратушэння, аздабленне зернетакоў электаэнергіяй і інш. Важным момантам з”яўляецца ўстаноўка на сельскагаспадарчай тэхніцы прыбораў ахоўнага адключэння, маланкаадводаў на зернетаках.
Падчас выканкама было вырашана прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці двух кіраўнікоў за невыкананне запланаваных мерапрыемстваў да жніва. Потым адбыўся аб”езд палеткаў, дзе вядзецца ўборка рапса.