Размова з музыкамі з фолк-гурта, якім цікавяцца нават за мяжой

Сусветны Дзень музыкі, што адзначаюць 1 кастрычніка, лёгка знойдзе мэтавую аўдыторыю ў Чачэрску. Поўнае права на свята мае фолк-гурт «Чачэрская лютня», творчасць якога прымушае беларусаў і іншаземцаў вывучаць назву нашага горада.

«Магчыма, «Чачэрская лютня» – гэта чачэрскі лёс»

Гісторыя «Чачэрскай лютні» пачалася з тутэйшага духавога аркестра. Яго ўдзельнікі цікавіліся этнічнай музыкай і шмат з ёй эксперыментавалі. Аднойчы яны вырашылі звярнуцца да беларускіх фальклорных песень.

– Этнічнай музыкай я зацікавіўся яшчэ ў 2001 годзе, але на той момант не ведаў, што можна граць, бо больш разумеў рок, – распавядае заснавальнік гурта Мікалай Крыўко. – Пасля ўдзельнічаў у розных калектывах, каб з’яўляліся ідэі. У духавым аркестры мы шмат эксперыментавалі, паралельна граючы на іншых інструментах. Імправізавалі на гармоніі, якія мне здаваліся блізкімі да фолк-музыкі. Аднойчы ў мяне з’явілася думка да ўсяго гэтага дадаваць беларускія песні і акцэнтаваць увагу менавіта на іх. Мы пачалі абіраць найбольш прыгожыя і глыбокія абрадавыя песні, шукаць у зборніках ноты. Справа пайшла добра – неўзабаве нас ужо прасілі граць гэтыя кампазіцыі.

Назваць дакладную дату заснавання «Чачэрскай лютні» складана. Шлях ад першай зацікаўленасці Мікалая Крыўко да пастаянных выступаў гурта цягнуўся 10 гадоў. Склад часта змяняўся – славай заснавальнікаў могуць пахваліцца не толькі ўдзельнікі духавога аркестру. Сваю назву гурт атрымаў ад распаўсюджанага ў Сярэднявеччы і Новым часе музычнага інструмента.

– У пэўны момант лютня здавалася мне фундаментальным інструментам для музыкі эпохі Адраджэння, універсальным вобразам таго часу, – прызнаецца Мікалай Крыўко. – А можа нават і болей. Сам я граў на гітары і бачыў яе ўжо толькі як лютню, а не інструмент для року ці нейкага іншага жанру, пачаў намагацца выцягваць з яе менавіта такія гукі.

Да таго ж Чачэрск – месца, якое фармавала мяне. Магчыма, «Чачэрская лютня» – гэта чачэрскі лёс. У Калінкавічах, Карме ці Буда-Кашалёве, напэўна, былі б іншая свядомасць, перажытыя эмоцыі, іншыя вобразы ў галаве. Мне здавалася, што Чачэрск у гэтым унікальны і нішто не магло паўплываць, як ён. Таму важнасць двух слоў з назвы для мяне дужа істотная.

Прынёс поспех альбом «За дваром»

Акалічнасці прымусілі Мікалая Крыўко пераехаць з улюблёнай чачэрскай зямлі. Пасля яго гуртом некалькі гадоў кіраваў Алег Брыцікаў. Ён таксама граў у духавым аркестры, але заснаванне «Чачэрскай лютні» не заспеў, бо ў той час якраз навучаўся ў каледжы мастацтваў імя Сакалоўскага. Скончыўшы яго ў 2012-м, мужчына далучыўся да старых знаёмых.

Алег распавядае, што, нягледзячы на цяжкасці, частую змену складаў, «Чачэрская лютня» дагэтуль жыве і намагаецца шукаць новыя далягляды. У 2019-м гурт стаўся лаўрэатам на фестывалі творчасці славянскіх народаў «У сям’і адзінай» у Варонежскай вобласці. А за два гады да таго дуэт салісткі Паліны Вострыкавай і гітарыста Аляксея Куляша ўзяў гранпры на польскім конкурсе «Бардаўская восень». Гэтая перамога дазволіла чачаранам выступіць ў Беластоку.

– Нас запрасілі ў Расію, дзе ўжо быў добра вядомы наш альбом «За дваром», – згадвае Алег Брыцікаў. – Але яго мы запісвалі старым складам – на момант паездкі некалькіх музыкаў у нас ужо не было, адпаведна, змяніўся і рэпертуар. А ад нас жадалі пачуць гэтыя песні. У выніку мы адправілі арганізатарам песні, якія тады гралі, – яны таксама прыйшліся да спадобы. Выступалі ўжо з імі.

«Чачэрскую лютню», якой цяпер кіруе Ксенія Кручык, можна паслухаць не толькі на фестывалях і рэпетыцыях: песні гурта лёгка знайсці ў інтэрнэце. Алег раіць знаёміцца з творчасцю з кампазіцый «За дваром» з аднайменнага альбому, а таксама «Я пушчу стралу» («І народныя песні…»). Былы лідар гурта называе «забойнымі», а самі мелодыя даволі цікавымі. Мае група і песню-легенду.

– У нас ёсць песня-ветэран – «Перапылко». Яна дайшла ад заснавання гурта да цяперашняга часу, хоць яе і змянялі шмат разоў. У адзін шэраг з ёй варта паставіць і «Дымна». Я памятаю, з чаго гэтыя песні пачыналіся і як сталі тымі, якімі мы чуем іх сёння. Таму для мяне яны асабліва важныя.

Якія планы?

Цяпер «Чачэрская лютня» ў творчым пошуку. Гурт плануе троху змяніць свой кірунак. Музыкі не адмовяцца ад фолк-тэматыкі, але маюць намер зрабіць націск не на песні.

– Мы заўжды спявалі, а нядаўна вырашылі проста граць мелодыі – плясавыя, польку і іншыя, – тлумачыць Алег Брыцікаў. – У старадаўнія часы былі ж не толькі песні, а яшчэ і пляскі. Вось мы і вырашылі рухацца ў гэтым рэчышчы. Спадзяемся, што атрымаецца ў нас не горш.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика