РАЗВІТАННЕ З ДЗЯЦІНСТВАМ
Пышныя дзявочыя ўборы, шчаслівыя ўсмешкі, букеты белых лілей і чырвоных руж, гукі школьнага вальса – усё гэта хвалюючыя і радасныя хвіліны раённага выпускнога вечара. Святочны настрой і атмасфера ўрачыстасці лунала і над цэнтральнай плошчай, і над шпілем старой ратушы, і паміж мядовай квецені пахучых ліп гарадскога парку.
У гэтым годзе на самастойны шлях жыцця выходзяць 87 выпускнікоў школ раёна. Закончылі вучобу з залатым медалём трое з іх – вучні гімназіі Хрысціна Ганжына і Ірына Карнеенка, а таксама выдатніца з Бабіцкай установы адукацыі Аксана Хімічыва. Павіншавалі дзяўчат, уручылі ім атэстаты аб сярэдняй адукацыі і заслужаныя ўзнагароды выконваючы абавязкі старшыні, намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Дзяніс Цімашэнка і начальнік аддзела адукацыі Святлана Мельнікава. Былі выказаны словы падзякі і бацькам выдатнікаў за добрае выхаванне падлеткаў.
Не засталіся без увагі ў гэты дзень таксама актывісты маладзёжнага руху – ад імя РК ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” былі адзначаны з лепшага боку Андрэй Данілаў, Васіль Мельнікаў, Кацярына Клімянкова, Аляксандр Макееў, Ігар Пузырын, Настасся Канцавая, Яўген Ляшчоў, Дзмітрый Дранкін, Наталля Грэчка, Кацярына Плехава, Яўген Пхідэнка, Яраслаў Еўдакіменка, а аддзел культуры райвыканкама адзначыў сярод іншых выпускнікоў за цеснае супрацоўніцтва і творчы запал Кацярыну Пляханаву і Ксюшу Дзям’янаву. Раздзяліла эйфарыю свята з чачаранамі начальнік аддзела выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Ганна Мельнікава.
Звычайна такое светлае і эмацыянальнае мерапрыемства не праходзіць без слёз. Не-не, ды міжволі накоціць смутак, захлынецца сэрца ў салёнай скрусе аб безтурботных днях школьнага жыцця, стане крыху шкада і тых доўгіх шумных калідораў, і хатніх заданняў па хіміі, і прапушчаных пазакласных заняткаў, а галоўнае – сумна развітвацца з дзяцінствам. У гэту цікавую чароўную краіну дзверы для выпускнікоў зачыніліся назаўсёды. Але калі нехта пажадае вярнуцца ў мінулае, сігануць з галавой ва ўспамін пра самы яркі і залаты перыяд свайго жыцця, то няма нічога прасцей, як пераступіць парог роднай школы і парушыць цішыню яе вестыбюляў асцярожнымі крокамі.
Разам з паветранымі шарамі, ва ўнісон з лірычнымі мелодыямі ўрачыстай музыкі і іскрыстым фантанам феерверку ўзляцелі да самага неба мары і надзеі тых, хто шырока расправіў крылы і рыхтуецца да наступных рызыкоўных палётаў – у жаданае будучае, у далёкае невядомае, у шчаслівае заўтра. Няхай ніхто з іх не сарвецца з вышыні!