Як выконцваюцца правілы на аўтастанцыі
Медычныя маскі і сацыяльная дыстынцыя ўжо паўтара года як сталі штодзённай звычкай для значнай часткі насельніцтва Зямлі.
Аднак каранавірус прымусіў згадаць пра бяспеку не ўсіх беларусаў. Для такіх адважных у арсенале ўладаў ёсць масачны рэжым у грамадскіх месцах, што дзейнічае ў краіне з 9 кастрычніка. Але магчымасць захварэць не палохае смельчакоў. Людзей, якія адпавядаюць гэтай характарыстыцы, мы адшукалі і на чачэрскай аўтастанцыі.
Шанцаў прабрацца ў залу чакання аўтастанцыі каранавірусу амаль не пакінулі. На ўваходзе наведвальнікаў сустракаюць дзверы, з шэрагам аб’яваў, якія папярэджваюць, што знаходжанне без маскі ў памяшканні забароненае, а абслугоўваць парушальнікаў гэтага правіла не будуць. Да кожнага другога крэсла прымацаваныя паперкі, што раяць не займаць гэтыя месцы, – усе ўмовы для сацыяльнай дыстанцыі. Апошняе папярэджанне выконваецца бездакорна: зала не можа пахваліцца папулярнасцю – трымаць патрэбную дыстанцыю ў ёй няцяжка. Маскі лёгка знайсці ў кожнага з прысутных, але правільна іх апранаць яшчэ навучыліся не ўсе. З такім падыходам можна выкарыстаць і шкарпэтку: якая розніца, калі органы дыхання не абароненыя? У залу зайшла жанчына – маскі ў яе не відаць. За некалькі метраў да касы яна спыняецца і апранае прадмет абароны. На яе твары ён затрымаўся ненадоўга: хутка пасля пакупкі білета пасажырка здымае не дужа патрэбны ёй атрыбут і выходзіць на вуліцу ўжо без яго. Праз некалькі хвілін у памяшканне заходзіць мужчына, які праварочвае падобны фінт.
А ці можна абысціся без гэтых фокусаў? Здымаю маску і падыходжу да касы.
– Добры дзень.
– Масачку апранаць не будзем? – цікавіцца пільная касір. Спроба парушыць антывірусныя правілы правалілася ўжо на першых секундах. Удакладняю, ці багата пасажыраў, якія грэбуюць забаронамі.
– Цяпер ужо небагата людзей прыходзіць без масак. Рэдка даводзіцца кагосьці папярэджваць, што без масак не абслугоўваем. Пасажыры купляюць іх і падыходзяць да нас. За залай таксама сочым: калі хтосьці сядзіць без прадметаў абароны, тлумачым, што нельга.