ШЧЫРАЯ ДУША
Гераіня нашага аповяда на першы погляд нічым не адрозніваецца ад астатніх жанчын. Але чамусьці менавіта пра яе прасіла расказаць на старонках раённай газеты жыхарка райцэнтра Н.Карчэўская, якая патэлефанавала ў рэдакцыю.
У жыцці Феня Рыгораўна Маліноўская, жыхарка мікрараёна Новы, не атрымала ніводнага медаля ці іншай узнагароды. Але ў яе ёсць тое багацце, якое можна назваць самым вялікім і неацэнным, – гэта шчырая любоў і ўдзячнасць яе дзяцей, унукаў, праўнукаў. Нарадзілася і расла Феня Рыгораўна ў Чачэрску, але лёс жанчыны доўгія часы быў звязаны з п.Усход. Тут яны разам з мужам выхавалі чатырох дзяцей. Маладая маці кожную раніцу спяшалася ў брыгаду сельгаспрадпрыемства “50 год БССР”. Але, стомленая за дзень на праполцы буракоў ці на іншым участку, яна знаходзіла сілы і час, каб кожнай сваёй крывіначцы ўдзяліць увагу. Дзеці павырасталі, параз’ехаліся хто-куды, але жанчына, у сэрцы якой назаўжды пасялілася любоў і пяшчота да дзяцей, адна не сумавала: побач з ёй былі ўнукі. Для гарэзлівых непасед бабуля Феня стала не толькі добрай сяброўкай, але на пэўны час замяніла бацькоў – на тое былі аб’ектыўныя прычыны. І зараз бабуля не ведае стомы. Яна – першая памочніца ў выхаванні праўнучкі. Нягледзячы на сталы ўзрост, душа ў Фені Рыгораўны маладая і шчырая. І гэтай шчырасцю яна з задавальненнем дзеліцца з дзецьмі, з суседзямі. А яны з пяшчотай называюць жанчыну чалавекам са светлым, добрым сэрцам.
Вольга ПАЎЛАВА.