У падарунак музею сямейная рэліквія Наталлі Вельмаскінай

Фонды гісторыка-этнаграфічнага музею штогод папаўняюцца ўсё новымі экспанатамі, якія перадаюць для захавання на памяць нашчадкам як жыхары краю, так і тыя, чый радавод – на Чачэршчыне.

У мінулым годзе жыхарка сталіцы Наталля Вельмаскіна ахвяравала чачаранам 9 экспанатаў вясковага побыту. Гэта вырабленыя рукамі яе матулі і родзічаў з Малага Лесу прадметы адзення і хатняга інтэр’еру: вышываныя рушнікі, набожнікі, вязаныя кручком покрывы на ложак і іншае. Асабліва каштоўным падарункам, якому больш за 100 гадоў, стала палатняная вясельная сарочка яе бабулі Ульяны Гаўрылаўны. А на днях Наталля прывезла ў дар яшчэ адну ўнікальную рэч – швейную машынку «Зінгер». У мінулым стагоддзі яна лічылася важнейшай часткай у хатняй гаспадарцы і была адной з якасных і надзейных. А першы патэнт на яе канструкцыю атрымаў у 1851 годзе амерыканскі вынаходнік і прамысловец Ісаак Мерыт Зінгер. Ён жа заснаваў карпарацыю пад аднайменнай назвай. Вялікая папулярнасць і  попыт на «Зінгер» падштурхнулі кіраўніцтва пашырыць вытворчасць. Так напачатку ХХ стагоддзя выпуск машынак распачаўся ў падмаскоўным Падольску. З канвеера завода з 1905 па 1914 гады сышло 600 тысяч адзінак гэтага тавару. У выніку падзей Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі работы часова прыпынілі, але ўжо ў 1923-м на прылаўках магазінаў многіх краін з’явілася гатовая прадукцыя перайменаванага падольскага завода «Дзяржшвеймашына». Адна з машынак, запчасткі за якой былі выраблены ў Шатландзіі, пра што сведчыць яе завадскі нумар Р3914832, служыла нашаму земляку Івану Давыдавічу Якубаву.

-На ёй шыў рэчы для сям’і і дома дзядуля, потым яна дасталася маёй маці, а калі яе не стала, машынка перайшла мне ў спадчыну, – распавядае гісторыю рарытэту мінчанка. – Я старанна захоўвала бацькоўскі пасаг, рамантавала і падфарбоўвала. Доўга не магла растацца, бо ён звязвае ў адно цэлае тры эпохі, ад выпуску першага экзэмпляра да сённяшніх дзён. Цяпер вось вырашыла перадаць антыкварыят на захаванне, як памяць аб продках на іх малой радзіме. Няхай людзі глядзяць і вывучаюць мінулае краю ў экспазіцыйных залах музея.

Наталля Вельмаскіна вось ужо некалькі гадоў займаецца валанцёрствам і ўзначальвае клуб аматараў тэатральнага мастацтва і музыкі пры Цэнтры актыўнага даўгалецця для людзей срэбранага і залатога ўзросту ў Мінску. Аднойчы ў шпіталі для інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны ў Бараўлянах яна чытала лекцыю аб жыцці і творчасці Аляксандры Пахмутавай, дзе гучала песня «Геолагі» савецкага і расійскага кампазітара. На адным з эпізодаў жанчына націснула на паўзу, каб расказаць пра сямейную рэліквію і што яна для яе значыць. У ветэранаў на вачах выступілі слёзы…

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика