Наш агульны дом яднае пакаленні

Чачэрскі раён мае багатую гісторыю жыцця, эканамічнага развіцця і станаўлення. Наша зямля можа ганарыцца сваімі працоўнымі, спартыўнымі і культурнымі дасягненнямі, таленавітымі творцамі і слаўнымі баявымі подзвігамі.

Сваё існаванне раён пачаў 8 снежня 1926 года. Спачатку ўваходзіў у склад Гомельскай акругі, у 1930- 1938 гадах знаходзіўся ў рэспубліканскім падпарадкаванні, а з 15 студзеня 1938-га непасрэдна ў Гомельскай вобласці. За гэты час Чачэршчына пашырала свае геаграфічныя межы, а нешта перадавалася суседнім раёнам. Так у 1962 годзе ўся чачэрская тэрыторыя перайшла ў склад Буда-Кашалёўшчыны, аднак у студзені 1965-га раён зноў аднавіўся, у тым ліку нашымі сталі 12 сельсаветаў і гарадскі пасёлак Карма Рагачоўскага раёна. І толькі ў 1966-м Кармяншчына займела свой асобны раённы статус. А чачаране працягвалі жыць, працаваць і будаваць уласную будучыню. Калісьці на Чачэршчыне налічвалася больш за 250 малых і вялікіх вёсак, пасёлкаў, кардонаў і хутаркоў. Мелася 22 сельскія Саветы, самы вялікі – Меркулавіцкі з 32 населенымі пунктамі. Перад вайной у раёне існавала 65 калектыўных гаспадарак. Найбольш за ўсё калгасамі маглі пахвастаць Меркулавіцкі (13) і Чачэрскі (7) сельсаветы. Большасць насельніцтва, вядома, сяльчане. Ім выпаў лёс ствараць малой радзіме дабрабыт і цвёрдую эканамічную аснову. Аднак планы і намеры перакрэсліла вайна. І ўсё ж чачаране не саступілі, не разгубіліся падчас фашысцкай навалы. Вызначыліся на полі боя ў перыяд Вялікай Айчыннай і атрымалі званне Герояў Савецкага Саюза 5 адважных землякоў, а Аляксей Філіпенка стаў поўным кавалерам ордэна Славы. Не здрадзіў Радзіме і загінуў за яе мірную раніцу арганізатар мінскага антыфашысцкага падполля Іван Кавалёў. Ахвяравалі сабой дзеля свабоды і незалежнасці юны герой-партызан Грыша Падабедаў і сотні ўраджэнцаў краю.

А колькі болю і цяжкасцей выпала на долю тых, хто вяртаў краіну да жыцця. У гэтым годзе сярод нас не стала апошняй працаўніцы тылу Вольгі Калачовай. Старанні і грамадскія турботы заўсёды былі ў пашане, а клопат на хлебных палетках, мехдвары і каля статка жывёлы – і тым больш. Так чачэрскі край праславіла высокімі вытворчымі вынікамі Герой Сацыялістычнай Працы Паліна Казлова. Дзясяткі людзей адзначаны значнымі дзяржаўнымі ўзнагародамі – ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны» і іншымі. Працягваюць шчыраваць на карысць сваёй малой радзімы і сёняшнія героі сяла, прозвішчы якіх літаральна не сыходзяць са старонак раённай газеты. Здабыткі вяскоўцаў праславілі Чачэршчыну на ўсю Беларусь, а імёны кіраўнікоў сяльгаспрадпрыемстваў «Отар» і «Звязда» Таццяны Струк і Галіны Трыбунах пастаянна гучаць з памосткаў рэспубліканскай сцэны. Але ж нам нельга забываць і пра тых, хто заклаў падмурак стабільнасці: аксакалы калгаснай справы Анатоль Зотаў, Уладзімір Раманаў, Мікалай Быкаў, Марк Макараў, Мікалай Новікаў і іншыя. Шмат заслужаных дзеячаў культуры, адукацыі, медыцыны, спорту і навукі пачыналі свой шлях у прафесію і творчасць адсюль, з маляўнічых мясцін старажытнай зямлі. Колькі чачаран аддалі цеплыню сэрцаў, талент і ўменні народу і сваёй сінявокай Беларусі. Некаторыя выехалі за мяжу, у краіны былога СССР, але не пакідаюць любіць бацькоўскі куточак і ўносяць сваю лепту ў яго развіццё і росквіт. А тыя, хто назаўсёды застаўся тут, дзе нарадзіўся і вырас, будуюць дамы, рамантуюць дарогі, наводзяць парадак, росцяць хлеб, выхоўваюць дзяцей, лечаць, радуюць бадзёрымі песнямі, захоўваюць і працягваюць векавыя мясцовыя традыцыі. Бо гэта наш агульны дом, наша дарагая беларуская старонка, наш самы каштоўны скарб – тое, што мы называем любай спадчынай.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика