Да народных вытокаў праз касцюміраваныя вобразы беларускай лялькі
У раённым цэнтры рамёстваў, фальклору і этнаграфіі расчыніў дзверы музейны пакой беларускай лялькі, дзе выраблена і прадстаўлена на агляд адзенне народнага строю 20 рэгіёнаў краіны.
Сімвалічна, што вяртанне да народных вытокаў праз знаёмства з традыцыйнай спадчынай беларусаў у лялечных вобразах адбылося ў аб’яўлены ў краіне Год гістарычнай памяці. Нам, беларусам, варта помніць, хто мы, адкуль нашы карані, якім чынам фарміравалася этнічная культура і духоўная самасвядомасць, як жылі і здабывалі нацыянальнае багацце нашы продкі. Ажыццяўленне творчай ідэі пачалося больш года назад, як адзначыла дырэктар установы Юлія Фенік. Хацелася знайсці нешта цікавае, незвычайнае і каб у аснове – роднае, матчына, патаемнае. За гэты час рукамі майстрыц цэнтра выраблена каля 100 экспанатаў, сярод якіх абрадавыя лялькі, а таксама сувеніры, абярэгі і тыя, што адлюстроўваюць вясковы побыт. Напрыклад, жанчына з каромыслам, баба-Салоха або вусаты мужычок у саламяным капялюшы. Але найбольшую каштоўнасць калекцыі ўяўляюць мадэлі ва ўборах беларускага нацыянальнага строю. Над кожным экзэмплярам спецыяліст працуе каля месяца: выбірае касцюм пэўнага рэгіёна, вывучае семантыку вышыванага малюнка і асаблівасці мясцовых традыцый, не рэдка карыстаючыся эскізамі фалькларыста і этнографа Еўдакіма Раманава. Для Чачэршчыны характэрны краснапольскі строй з пераважна чырвоным колерам. Каштоўнасць беларускай лялькі, якой далі жыццё чачэрскія рукадзельніцы, ацанілі яшчэ раней на абласным кірмашы «Дрэва мастацтва» – работа майстра народных рамёстваў Святланы Латуцінай адзначана дыпломам за захаванне традыцый народнай творчасці. Дарэчы, на адкрыцці музейнага пакоя Святлана Анатольеўна была апранута ў такі ж андарак з тканым фартушком, што і яе работа ў мініяцюры. «Наогул жа ў беларусаў існавала два віды адзення – больш простае паўсядзённае і святочнае, упрыгожанае вышываным арнаментам, – распавядае жанчына. – Прычым кожны элемент вышыўкі нясе ў сабе сакральны сэнс і глыбокую духоўную ідэю. Сёння мы прадстаўляем пераважна толькі фрагменты аздаблення, бо на такіх невялічкіх мініяцюрах немагчыма размясціць увесь малюнак. Але галоўная канцэпцыя ўсё ж такі застаецца».
Яшчэ адметнасць музейнага пакоя – сімвалічнае дрэва жыцця і кругавы каляндар народнай лялькі, які адлюстроўвае гадавыя цыклы. На кожны месяц – свой абярэг: Калядная Каза, Масленіца, Вяснянка, велікодны персанаж, славянскі бог сонца і ўрадлівасці Ярыла, Дзень-Ноч, Траўніца і Вядучка, што ахоўвае маці і яе дзіця. Цікавы варыянт – Дзесяціручка як адлюстраванне жанчыны-працаўніцы, якой трэба і па гаспадарцы ўправіцца, і за немаўлятамі паглядзець, і каля мужа пахадзіць. Адзін з нямногіх прадстаўлены мужчынскі абярэг на сілу, здароўе і вынослівасць – плецены конь, верны памагаты вяскоўцу ва ўсіх сельскагаспадарчых справах. Усё гэта ўмацоўвала веру людзей у ахоўныя функцыі прыроды і славянскіх персанажаў фальклору, каб дапамагала засцерагчы блізкіх і падворак ад нястачы і хвароб, надавала моцы духа і жыццёвай энергіі.
Госць мерапрыемства, вядучы спецыяліст па народных традыцыях і абрадах абласнога цэнтра народнай творчасці Людміла Мельнікава, высока ацаніла работу калектыву і пажадала далейшых поспехаў у захаванні і прапагандзе нацыянальнай культуры. А намеснік дырэктара дзіцячай школы мастацтваў Алена Фенік перадала ў дар тканы абрус сваёй бабулі і распісныя лыжкі. Безумоўна, музейны пакой беларускай лялькі зойме годнае месца ў турыстычным маршруце Чачэршчыны і прывабіць не толькі носьбітаў і аматараў даўніны, але зацікавіць моладзь і падлеткаў – каб помніць, ведаць, ганарыцца.