Блакаднікі крошак не пакідалі. Чаму трэба памятаць пра ленінградскую трагедыю

Заваленыя трупамі вуліцы, 125 грам хлеба на дзень, вымушанае людаедства – гэта не кадры з фільма жахаў, а cапраўдныя гісторыі з жыцця аднаго горада. 27 студзеня 1944 года лічыцца датай заканчэння ленінградскай блакады, у якой сучасны Санкт-Пецярбург жыў 872 дні. Гераізм жыхароў паўночнай расійскай сталіцы нашы ўсходнія суседзі лічаць адной з галоўных старонак Другой сусветнай вайны, але якое дачыненне ён мае да нас, беларусаў? Ці трэба нам згадваць гэтую трагедыю?

Старонкі падручнікаў гісторыі поўныя подзвігаў, аднак дзе знайсці ім месца, калі няма акопаў, варожых вышынь і амбразур? У мірныя часы беларусы могуць вынесці з блакадных жахаў іншыя ўрокі: ашчаднасць і ўменне цаніць сваё.

З кастрычніка 1940-га да чэрвеня 1941-га ў Ленінград прыехала каля 24 тысяч беларускіх падлеткаў. Іх скіравалі туды атрымліваць прафесійна-тэхнічную адукацыю: у БССР для гэтага не хапала навучальных устаноў. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны яны не пакінулі горад, а засталіся працаваць на патрэбы фронту. Блакада каштавала жыцця 12 тысячам гэтых хлопцаў і дзяўчат. Калі не было ніякай ежы, яны варылі рамяні. У 1996 годзе ў Санкт-Пецярбургу ўсталявалі стэлу памяці дзяцей-рамеснікаў.

У нашай рагачоўскай вёсцы блакаду ў сваёй біяграфіі мелі некалькі ветэранаў – сярод іх два мае прадзеды. Жыццё развяло нас па часе жыцця, аднак засталіся жудасныя ўспаміны.

«Ідзеш, бывае, па горадзе – сустракаеш хлопчыка. Ён просіць: «Дзядзька, дай хлеба». Ты і рады быў бы даць. Але сам застанешся галодны. Ледзь не плачаш», – так згадваў блакаду адзін з прадзедаў. Пасля прарыву ён з саслужыўцамі некалькі месяцаў лячыўся ад курынай слепаты, якую нарадзіў голад. У мірныя часы ў былога чырвонаармейца захавалася адна звычка: на хатнім стале не пакідалі ані кавалачка хлеба.

Такія паводзіны выдаюць блакаладнікаў лепш за медалі на грудзях. «Аднойчы, знаходзячыся ў Маскве ў службовай камандзіроўцы, я забег у сталовую, каб паабедаць, – згадваў доктар тэхнічных навук Усевалад Інчык. – Калі я сканчаў трапезу, масквічка, якая сядзела насупраць, раптам спыталася: «Вы, напэўна, ленінградзец, блакаднік?» Я пацвердзіў і задаў сустрэчнае пытанне: «Чаму вы так падумалі?» Яна адказала, што даўно заўважыла: ленінградскія блакаднкі за абедам даядаюць усё да апошняй крошкі».

І нават у такой атмасферы сумленне перамагала інстынкт. Ленінградскі інстытут раслінагадоўлі меў некалькі тон запасаў бульбы, рысу і збожжа. Селекцыйны фонд так і застаўся некранутым, хаця 28 супрацоўнікаў установы падчас блакады памерлі ад голаду.

Гісторыя ўжо пакінула ў мінулым прадуктовыя карткі, вуліцы забыліся на галодныя чэргі, а хлеб робяць не з прымесяў і гарэлай мукі. Хіба ведае пра супрацоўнікаў інстытута раслінагадоўлі вясковец, які абчысціў калгаснае кукурузнае поле? Ці згадваюць пра блакаду, выкідаючы паўхаладзільніка сапсаванай ежы, купленай немаведама для чаго? А можа, камерсант, беручы хабары, усяго толькі жадае назбіраць на 125 грам хлеба? Таму і варта помніць пра людзей, якія не пакідаюць на стале хлебныя крошкі.

Максім НЕСЦЯРКОЎ

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика