Штодзённыя клопаты Святланы Пісарэнка
Кожная раніца руплівай жыхаркі Балсуноў пачынаецца з клопатаў яшчэ на досвітку.
На яе падворку карова, свінні, трусы, хатняя птушка – усіх трэба дагледзець, даць корму і падаслаць сухой саломкі. Час прыспешвае, бо жанчыне ўжо ў 6.00 неабходна быць на дойцы на палескай малочнатаварнай ферме. І тут яна адчувае сябе, як дома, бо ўсё знаёмае, блізкае і звыклае яе старанным працоўным рукам. Яшчэ ў дзяцінстве Святлана дапамагала матулі спачатку ўручную, потым бачкавым спосабам здабываць малако. І вось ужо 15 гадоў сама доіць грамадскі статак. Разам з напарніцамі тройчы на дзень прапускае праз даільную ўстаноўку групу буронак колькасцю больш за 200 галоў. У такой няпростай справе важна саблюдаць правілы гігіены і догляду за рагулямі. А пачынаецца кожная дойка з ручной працы. Справа ў тым, што максімальны паказчык малакааддачы надыходзіць праз 45-60 секунд пасля масажу і падмывання вымя каровы. Калі гэтага не рабіць, а таксама ўручную не здойваць першыя струйкі малака, то ёсць вялікая верагоднасць мікробнага абсемянення прадукцыі. Яшчэ такім чынам праводзіцца прафілактыка захворвання мастытам. Так што якасць прадукцыі залежыць не толькі ад кармлення і ўмоў утрымання статка. Затым Святлана Пісарэнка прыступае да асноўнага працэсу.
Бездакорнае выконванне правіл машыннага даення дазваляе атрымаць белае золата з высокім утрыманнем тлушчу і іншымі карыснымі кампанентамі. Працаўніца прытрымліваецца ўсіх патрабуемых тэхналогій, ставячы на канвеер вытворчасці малака не толькі свае старанні і адказнасць, але яшчэ прафесійныя навыкі і акуратнасць. Таму яе працоўныя паказчыкі адны з лепшых па гаспадарцы як вынік добрасумленных адносін да абавязкаў.