Дзіцячая мара стала прызваннем

Задаткі выхавацеля дашкольнай установы ў Ірыны Мамекінай выявіліся яшчэ ў раннім узросце, калі яна збірала вакол сябе дзяцей з усёй вуліцы і выступала ў ролі настаўніка.

Пасля школы чачаранка паступіла ў Рагачоўскі педагагічны каледж, а потым скончыла завочнае аддзяленне дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова. Старт у прафесію пачала ў Батвінаўскім дзіцячым садку тры гады таму. Маладому спецыялісту выдзелілі жыллё ў аграгарадку, і яна адразу ўклінілася ў работу. Знайшла падыход і да выхаванцаў, і да кіраўніцтва, навяла станоўчыя зносіны з бацькамі малышоў.

Сёння пад крылом Ірыны Валер’еўны 14 хлопчыкаў і дзяўчынак рознага ўзросту. У кожнага свой характар, паводзіны і здольнасці. Але ўсе яны, як сцвярджае педагог, маюць пэўны талент і схільнасць. Нехта добра сябруе з матэматыкай, камусьці лягчэй даюцца ўрокі малявання, некаторыя хутка авалодваюць тэхнікай чытання, асобныя праяўляюць выдатныя творчыя магчымасці. Літаральна ўсе любяць вырабляць падзелкі з падручнага матэрыялу, таму на занятках клуба па інтарэсах «Творчая майстэрня» сумна не бывае нікому. Усе яны разам – гэта дружная, вясёлая сям’я, дзе пануюць дабрыня, адкрытасць і пазітыў. Да Ірыны Валер’еўны дзеці нясуць настрой і свае ручныя работы, а яшчэ кавалачак любві, даверу і прыхільнасці.

Малады спецыяліст не толькі заваявала сэрцы дашкалят і стала для ўсіх другой матуляй, сябрам і дарадчыкам. Ірына ўзначальвае пярвічную прафсаюзную арганізацыю дашкольнай установы, а гэта знак таго, што калектыў і адміністрацыя ёй давяраюць і ставяцца да маладой калегі з павагай.

В.БАГДАНОВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика