Узнагарода за клопат аб людзях
Бухгалтар раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццяна Мініна адзначана ганаровай граматай абласной арганізацыі.
На пасадзе Таццяна Васільеўна з 1998 года. Дыплом па бухгалтарскаму ўліку атрымала ў Гомельскім сельскагаспадарчым тэхнікуме і грунтоўна падмацавала тэарэтычныя веды на практыцы. Спецыяліст сочыць за рацыянальным расходваннем мэтавых грашовых сродкаў раённай прафсаюзнай арганізацыі і яе пярвічак згодна патрабаванням дня і на выкананне сацыяльных стандартаў. Не застаюцца без увагі пытанні аздараўлення, арганізацыі турыстычных паездак, а таксама матэрыяльнай падтрымкі работнікаў сельскагаспадарчай галіны, ветэранаў працы і шматдзетных сем’яў. У мінулым годзе, напрыклад, вучні дзяржаўнага прафліцэя па лініі райкама прафсаюза АПК наведалі мемарыяльны комплекс «Ола» Светлагорскага раёна. Падмацавалі сваё здароўе ў санаторыях Беларусі 19 працаўнікоў вёскі. Пастаянна заахвочваюцца памятнымі сувенірамі і падарункамі перадавікі вытворчасці на жніве, у галіне жывёлагадоўлі, юбіляры.
Таццяна Васільеўна – шчыры і ўважлівы чалавек, умее падбадзёрыць і суцешыць, сказаць добрае слова і падзячыць вяскоўцам за карпатлівую, плённую працу. Людзі паважаюць яе, дзеляцца не толькі вытворчымі поспехамі, але і жыццёвымі праблемамі, давяраючы спецыялісту свае трывогі, радасць і боль.
В.БАГДАНОВІЧ.