Міхась Болсун: “Радзімай малой бы паветрам жыву…”

Сустрэча з мясцовым паэтам з Балсуноў, ганаровым грамадзянінам Чачэршчыны, членам Беларускага саюза журналістаў і ганаровым членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхаілам Болсунам заўсёды і радасная, і хвалюючая.

А мінулая вечарына «Покліч бацькоўскай зямлі», якую арганізавалі работнікі раённай цэнтральнай бібліятэкі з нагоды 80-годдзя з дня нараджэння Міхаіла Міхайлавіча, прайшла з высокім эмацыянальным накалам. Майстар паэтычнага слова пранікнёна, з дрыготкай ноткай у голасе распавядаў пра свае трапяткія пачуцці да малой радзімы, бацькоўскай хаты і такой мілай яго душы чачэрскай старонкі. Кожнае слова, кожны радок вершаваных твораў прасякнуты бязмежнай любоўю, пяшчотай і сыноўняў вернасцю. Праз зрыфмаваныя ў слупкі і пакладзеныя на аркушы паперы паэтычныя словы Міхась Болсун раскрывае свае смутак, боль і жаль аб ваенных стратах, разважанні пра бурлівыя гады маладосці, гонар за дарагі сэрцу край.

На мерапрыемстве прысутнічалі сябры, школьнікі і прыхільнікі творчасці таленавітага земляка. Намеснік старшыні райвыканкама Юлія Басаргіна ўручыла юбіляру ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта з пажаданнямі здароўя, дабрабыту і невычэрпнага творчага натхнення. Міхаіл Міхайлавіч, у сваю чаргу, перадаў дырэкцыі бібліятэкі грамату Гомельскага абласнога аб’яднання Саюза пісьменнікаў Беларусі за сумесную ідэалагічную работу, прапаганду беларускага пісьменства, патрыятычнае выхаванне моладзі і насельніцтва Чачэршчыны. Віншаванні, кветкі, шчырыя абдымкі, памятныя сувеніры і музычныя падарункі салістаў народнага калектыву «Вербіца» – такой запомніцца юбіляру мінулая сустрэча, а для ўсіх прысутных гэтыя паўтары гадзіны сталі яшчэ адным спатканнем з прыгожым, знаёмствам з багатай палітрай паэтычнай каштоўнасці нашага знакамітага творцы.

В.БАГДАНОВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика