Адсвяткавалі ўзрост мудрасці і жыццёвага вопыту
У сакавіку знакавыя юбілеі нараджэння адзначаюць адразу некалькі сталых жыхароў раёна. Сярод 85-гадовых імяніннікаў Лідзія Васючэнка і Ганна Лявонава з вёскі Асінаўка Меркулавіцкага сельсавета.
Раніца 11 сакавіка для Ганны Макараўны выдалася асабліва хвалюючай і радаснай – жанчыну віншавалі з юбілеем блізкія, у якіх зараз каратае вечары ў Гомелі, а таксама прымала тэлефоныя віншаванні ад іншых родзічаў. Родам яна з асінаўскай светлай і шырокай вуліцы. Раней тут было шматлюдна, шумна і весела. Не сумавалі і ў сям’і Ганны Макараўны. Пад адным дахам дружна ўжываліся чацвёра дзяцей. У буднія дні працавалі разам з бацькамі, дапамагалі па гаспадарцы. А ў святы, прыбраўшыся ў недарагія паркалёвыя ўборы, бегалі па свежай мураўцы, гулялі ў квача і класікі. Калі русакосая Ганначка падрасла, ступіла на сцяжынку самастойнага жыцця. Увесь час працавала ў паляводчай брыгадзе мясцовай гаспадаркі. З сярпом, граблямі, віламі і капаніцай шчыравала на агульную карысць і дабрабыт. І, хоць часу не хапала ні на сябе, ні на паўнацэнны адпачынак, знаходзіла магчымасць схадзіць на вясковыя спеўкі – у калектыве мастацкай самадзейнасці выступала перад публікай 15 гадоў. З песняй лягчэй здаваліся напружаныя вясковыя клопаты і ярчэйшымі святочныя дні. Жанчына выхавала пяцёра дзяцей, за што ўзнагароджана медалём Мацярынства, дачакалася 7 унукаў і 5 праўнукаў. Радуецца іх поспехам і сямейнаму ладу, навучаючы правілам чалавечых паводзін і станоўчых адносін адзін да аднаго.
Яе сяброўка Лідзія Васючэнка таксама карэнная жыхарка Асінаўкі, не цуралася сялянскай працы, плячом да пляча з аднавяскоўцамі шчыравала на калгасных сенажацях, каля буртоў з бульбай, у полі і на праполцы кармавых буракоў. Рухавая і няўрымслівая, з усімі вытворчымі задачамі спраўлялася сумленна, выконвала работу якасна, з жаночай акуратнасцю. Яна ведала кошт гэтым старанням і свежаму бохану хлеба, бо пасля вайны давялося перажыць голад і нястачу. А скарынка хлеба цанілася больш за золата. Яшчэ так важна было мець падтрымку суседа, слушную параду неабыякавага чалавека. Таму і сама потым заўсёды ішла насустрач чужым патрэбам, не адмаўляла ў дапамозе і добрым слове. Шмат сіл аддала на карысць сяльгаспрадпрыемства. Дома ж клопату хапала не менш: на двары кудахтаў вялікі статак курэй, у хлеве рыкала карова, рухкалі парсюкі, чакала догляду іншая хатняя жывёла. На руках – два сыны, якім матуля аддавала ўсю любоў і сардэчную пяшчоту. Праца і жыццёвыя выпрабаванні загартавалі, умацавалі волю і навучылі дабрыні, спагадзе, міласэрнасці, цярпенню. Усе гэтыя якасці, нібы ветразі імклівага карабля, пранеслі яе па бушуючым моры неспакойнага лёсу. Цяпер ціхая гавань Лідзіі Нікіфараўны – пакоі роднай хаты і крэсла каля невялікага ваконца, праз якое яна назірае за вясковым побытам, рэдкімі прахожымі і зменай пары года. Тут жа яе напаткала святочная дата 85-годдзя з дня нараджэння – узрост мудрасці, вопыту, разважлівасці і душэўнага спакою.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.