Шлях немалы ад зернейка да караваю

Сёлетнія неспрыяльныя ўмовы надвор’я крыху ўскладняюць сяўбу зерневых яравых культур, але на палетках сяльгаспрадпрыемстваў маторы тэхнікі не сціхаюць.

Ходзяць па збожжавым кліне пасяўныя агрэгаты ААТ «Отар». У рыхлую глебу падае зерне ячменю, якога неабходна пасеяць на плошчы 50 гектараў. Нягледзячы на знешнія абставіны, аграрыі выходзяць на працу з настроем і гатоўнасцю ўсё выканаць як след, бо ведаюць, што веснавы дзень год корміць. На апрацаваныя дыскатарамі ўчасткі спяшаюцца з сеялкамі вопытныя механізатары Анатоль Круглікаў і Міхаіл Карлоўскі, на якіх ускладзены самы адказны абавязак веснавога клопату. Не менш рытмічна, з выкананнем усіх аграрных тэхналогій шчыруюць астатнія члены калектыву. Аператыўна і якасна праведзена пад поўную патрэбу падрыхтоўка глебы, завяршылася закрыццё вільгаці, своечасова ўносяцца мінеральныя тукі і арганічныя ўгнаенні. Затрымка толькі за прыродай, бо яе капрызы не на карысць земляробчаму працэсу. Занятым на палявых работах арганізавана двухразовае харчаванне. Повары імкнуцца забяспечыць аграрыяў смачнай, сытнай і каларыйнай ежай.

Завяршыць сяўбу яравых культур отарскія працаўнікі плануюць у абазначаны нарматыўнымі тэрмінамі час. Ва ўнісон тэмпературным градусам будзе ўзрастаць і працоўны рытм – наперадзе сяўба кукурузы і правядзенне іншых мерапрыемстваў у колазвароце бясконцага цыкла сельскагаспадарчых турбот.

В.БАГДАНОВІЧ.

На фота Анатоль Круглікаў.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика