Святлана Марозава: аўтар гімна чачэрскага краю
Ёсць людзі, жыццё якіх нібы асляпляльная сонечная ўспышка на шырокім блакітным небасхіле – загарэлася, здзівіла, абагрэла цяплом і… ціха згасла.
Такім кароткім, але яркім і запамінальным быў зямны шлях пяшчотнай маці, прыгожай жанчыны і надзейнай сяброўкі, нашай зямлячкі – былога дырэктара Бяляеўскай школы Святланы Марозавай. Яна заўчасна пакінула гэту зямлю летам 2009 года. А заўтра ёй споўнілася б 70 гадоў. Нарадзілася Святлана Васільеўна на станцыі Княжная Кандалакшскага раёна Расіі, але яе малая радзіма тут, на вольных чачэрскіх прасторах. Сюды ж, у Рудню Барталамееўскую, яна вярнулася з бацькамі, пайшла вучыцца і паспяхова скончыла Палескую школу. Затым атрымала вышэйшую адукацыю ў Магілёўскім педінстытуце і назаўсёды звязала лёс з галіной адукацыі. З пражытых 57 гадоў прафесіі педагога аддала 36 зімаў і вёснаў. Працавала спачатку ў дзіцячым садку, затым піянерважатай, выкладала ўрокі рускай мовы, а потым узначаліла сельскую школу ў Бяляеўцы.
Святлана Марозава была незвычайнай жанчынай, з багатым духоўным светам і крэатыўнымі ідэямі. Да яе цягнуліся і з ёй раіліся, яна лёгка сыходзілася з людзьмі, у кампаніі вылучалася пазітывам і валодала ўласцівым ёй унутраным прыцягненнем. Энергічная, бадзёрая, ініцыятыўная, занепакоеная, яна ўсім старалася дагадзіць, выслухаць і зразумець, адгуквалася на чужы боль і трывогі. А ў дзецях выхоўвала не толькі любоў да роднага краю і сваёй маленькай вёсачкі, але і заклікала шанаваць нацыянальную культуру, мясцовыя традыцыі, далучала да мудрага і трапнага паэтычнага слова, бо Святлана Васільеўна ў дадатак была таленавітай паэткай і вяла школьны краязнаўчы гурток «Спадчына».
Для чачаран настаўніца, дырэктар, творца і проста цудоўны чалавек Святлана Марозава засталася ў памяці як сімвал натхнення, невычэрпнага аптымізму і вернасці, крыніца жыцця і бясконцай любові. А яшчэ яе імя кожны раз усплывае ў свядомасці, калі на шматлікіх культурных фэстах, каляндарных святах, спартыўных і патрыятычных мерапрыемствах гучыць гімн Чачэршчыны, аўтарам якога 20 гадоў таму яна стала ў дуэце з Алегам Чаплыгіным, што напісаў да яго музыку. Так склалася, што ўпершыню мелодыя гімна прагучала на апошнім фестывалі народнага танца «Беларуская полька» ў 2002 годзе. У тую хвіліну Святлана Васільеўна нібы сіганула ў неўміручасць…
…Успомнім ціхім добрым словам гэту незвычайную жанчыну, ганаровага грамадзяніна краю. Памолімся за спачын яе душы і падзячым небу, што яна была сярод нас. Яе светлы вобраз назаўжды застанецца ў памяці блізкіх, сяброў і вучняў, а душа – у вершах.
В.БАГДАНОВІЧ.
Гімн Чачэрскага раёна
Словы Марозавай С.В.
Музыка Чаплыгіна А.М.
На шчодрай зямлі каля рэчак імклівых
Жыве працавіты чачэрскі народ.
Нашчадкаў для горада, добрых і шчырых,
Гартуе наш родны Чачэрск з года ў год.
Прыпеў:
Слаўся, наш горад ля сіняга Сожа,
Слаўцеся, людзі – браты па крыві.
Няхай чачаране жывуць тут прыгожа,
Красуйся, наш горад, і ў шчасці жыві.
На фабрыцы нашай, на кожным заводзе
Працуюць руплівыя людзі твае.
Хай добрая слава аб нашым народзе
Сярод усіх народаў вякамі жыве.
Прыпеў…
Ля нашых лугоў і шырокіх палеткаў
Чачоры і Сожа імклівы ўсплеск.
Няхай патанае ў зелені, у кветках
Наш горад ля Сожа, наш родны Чачэрск.
Прыпеў…
Імкніцеся, людзі, да шчасця і волі,
Каб Гонар, Пашана да Славы вялі,
Каб дзеці не ведалі жахаў ніколі,
Каб людзі свабодна і мірна жылі.
Прыпеў…