Поспехамі рабят ганарыцца школа
Творчая каманда дзіцячай школы мастацтваў падвяла вынікі работы за мінулы квартал: ланцужок прыемных поспехаў за гэты час памножыўся новымі ўзнагародамі.
У персанальнай скарбонцы выкладчыкаў і іх выхаванцаў каля дзясятка спроб на статус таленавітых і адораных зорачак у рознастайных абласных і міжнародных адборачных турах і онлайн-фестывалях. Чачэрскія канкурсанты не падвялі і апраўдалі ўскладзеныя на іх надзеі і спадзяванні. Так, дыплом 3-й ступені і лаўрэацтва атрымала гітарыстка Ганна Атрошчанка ў рэгіянальным конкурсе выканаўцаў на шасціструнцы «Гітарны алімп». У гэтым жа іспыце яе сяброўка Аліна Парчэўская стала лаўрэатам 2-й ступені. На аналагічным прыступку творчага дасягнення згуртаваны тандэм Ганны Шугаёвай і Мсціслава Картозіі – яны пацвердзілі свае музычныя здольнасці і навыкі ў Другім адкрытым рэгіянальным конкурсе інструментальных ансамбляў і аркестраў, што праходзіў у Светлагорску. А бездакорнае лідарства і дыплом лаўрэата 1-й ступені юныя музыканты атрымалі на рэспубліканскім спаборніцтве юных віртуозаў «Шанс-Экспрэс», паказаўшы захапляльныя варыяцыі ігры на фартэпіяна і ксілафоне ў намінацыі «Інструментальная музыка». Напорыстасць, старанні, уседлівасць і, вядома ж, талент і ўменне прымяняць на практыцы тэарытычныя веды і парады настаўнікаў абавязкова прывядуць на вяршыню славы. У гэтым у каторы раз упэўнілася Ганна Атрошчанка, якая была прызнана лаўрэатам 1-й ступені ў міжнародных іспытах «Запалі сваю зорку» (Масква) і «AURORA»- ONLINE» (Стакгольм, Швецыя). Граматамі за паспяховае выступленне ў Жлобіне адзначаны салісты Раман Арлоў і Вікторыя Дзмітракова.
Перамогі рабят – гонар для іх бацькоў і выкладчыкаў Алены Басаргіной, Алега Брыцікава, Вольгі Самусевай і Аляксея Куляша.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.
Таленты цяжка выхаваць і яшчэ цяжэй зберагчы.