З песняй і кнігай па доўгім жыцці

У нашай зямлячкі, былой салісткі Залескага народнага хору Еўдакіі Бабкуновай, гэтымі днямі душа напоўнена хваляваннем, сэрца трапяткімі пачуццямі, а думкі ўспамінамі – жанчына хутка адзначыць 80-гадовы юбілей, узрост мудрасці і жыццёвага вопыту.

Нарадзілася Еўдакія Ягораўна ў Залессі, тут станавілася на крыло і мацавала характар. У сям’і яна была адзіным дзіцём – у першыя дні гітлераўскай акупацыі тата Ягор Нікіфаравіч пайшоў на вайну і прапаў без вестак. Ён так і не ўбачыў сваёй дачушкі, не адчуў радасць бацькоўства. Еўдакію Ягораўну ўзрасціла маці і яе сястра Крысціна, муж якой таксама не вярнуўся з фронту – радавы 10-й запасной стралковай брыгады Мікалай Кашчэеў памёр ад хваробы ў шпіталі ў маі 1944- га і пахаронены ў вёсцы Вулька Брэсцкай вобласці. Маленькая Дуся любіла цётку Крысцю і называла матуляй, бо яе ўласныя дзеці не перажылі ваеннае ліхалецце і пяшчоту сэрца яна аддала пляменніцы. Згуртавана, дружна жанчыны спраўляліся з нястачай і разам сустрэлі Вялікую Перамогу.

Зямля адраджалася. Людзі аплакалі ахвяраў вайны, будавалі хаты, сеялі хлеб. Падрастала і Еўдакія, пайшла ў школу і ахвотна набіралася ведаў. Пасля 10 класаў крыху працавала ў мясцовым калгасе, а потым скончыла ў Гомельскім доме творчасці гадавыя курсы харэаграфіі. Пазней стварыла пры сельскім клубе танцавальны калектыў, навучала на грамадскіх пачатках танцавальным рухам школьнікаў, рыхтавала спектаклі і тэматычныя вечарыны. Але танцоркай не стала, выбраўшы іншы прафесійны шлях – 40 гадоў працы ў бібліятэцы, дзеля чаго паступіла ў бібліятэчны тэхнікум імя А.С.Пушкіна. У той час вяскоўцы чыталі шмат, кнігавыдача складала ў год 10 і больш тысяч экзэмпляраў. Бывала, у халодным нетопленым памяшканні бібліятэкар заседжвалася да 9 гадзін вечара. Але работа прыносіла задавальненне, бо была неабходная насельніцтву. Для захавання бацькоўскіх традыцый і перадачы маладому пакаленню духоўных каштоўнасцей Еўдакія Ягораўна арганізавала клуб «Гаспадынька» і дзіцячы гурток «Рукадзельніца», дзе дзяўчынкі займаліся вышыўкай, вязаннем, кройкай і шыццём, а хлопчыкі прышывалі гузікі да гатовых вырабаў. Дарэчы, работы самой Еўдакіі Бабкуновай, вырабленыя крыжыкам, і сёння ўпрыгожваюць выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці на мясцовых святочных мерапрыемствах і раённых фэстах.

Сваёй малой радзіме Еўдакія Ягораўна аддала любоў, старанні і талент. Маючы цудоўны голас, спявала ў Залескім народным хоры. Яшчэ ў маленстве разам з матуляй і цёткамі Крысцінай, Ульянай і Наталляй хадзіла на спеўкі. Сёстры Трушковы складалі касцяк калектыву. Еўдакія Ягораўна перахапіла іх апантанасць песняй і пранесла па жыцці да апошняга моманту, пакуль ужо выходзіць на сцэну не хапіла сіл. Многім чачаранам добра знаёмы дуэт у складзе двух Еўдакій – Бабкуновай і Загорцавай. Лірычныя душэўныя матывы ўзрушвалі, прымушалі задумацца, выклікалі слёзы. Аўдыторыя апладзіравала салісткам стоячы, а за якасць выканання і прыродны дар упраўленнем культуры Гомельскага аблвыканкама жанчынам было прысвоена ганаровае званне «Артыст народнага хору».

…За плячамі Еўдакіі Ягораўны доўгі жыццёвы шлях. Нібы тая песня – ціхая, мілагучная, пранікнёная і сардэчная – праляцела яе маладосць. Але і ў сталыя гады ёсць нагода для радасці. Чацвёра дзяцей, 7 унукаў і 6 праўнукаў – скарб, які яна назапасіла і якім ганарыцца. А калі сям’я збярэцца разам, зноў загучаць знаёмыя напевы, як сімвал мудрасці, святла і натхнення.

Валентина ПРАНКЕВИЧ.

На фота Еўдакія Бабкунова і Еўдакія Загорцава.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика