РУЛЯВЫЯ ЗАЎТРАШНЯГА ДНЯ
Вадзіцеля ААТ “Гомельдрэў Чачэрскі лесапункт” Мікалая Угарава я сустрэла на вытворчай тэрыторыі прадпрыемства – ён толькі што вярнуўся з працоўнай камандзіроўкі з г.Гомеля, куды даставіў чарговую партыю дзелавой драўніны.
Мікалай Уладзіміравіч (на фота зверху) за рулём тэхнікі з 1986 года, мае другую вадзіцельскую катэгорыю. Пасведчанне на кіраванне аўтамабілем атрымаў пасля заканчэння Чачэрскага СПТВ-54, а затым павышаў кваліфікацыю ў Гомельскім палітэхнічным тэхнікуме. У леспрамгас уладкаваўся яшчэ да службы ў арміі, і потым вярнуўся сюды зноў. Так і працуе тут увесь час – то бінзапільшчыкам, то за электрапілой, то механікам. А апошнія шэсць гадоў водзіць машыну-лесавоз. Аб’ём службовых абавязкаў у яго невялікі, але важны і адказны – перавозка лесу на ніжні склад і дастаўка хлыстоў па месцу прызначэння. Пакуль што нараканняў з боку адміністрацыі да стараннага работніка не паступала. Адметным штрыхом у характары Мікалая Уладзіміравіча з’яўляецца яго дабразычлівасць і сціпласць.
Станоўча характарызуе кіраўнік прадпрыемства Сяргей Іваноў яшчэ аднаго члена калектыву – памочніка вальшчыка лесу Уладзіслава Геўрасёва. Крыху шумлівы і гарачы ў размове, ён такі ж быстры і энергічны на працы. Уласцівыя яму спрыт, кемлівасць, працоўная хватка і ўнутраны запал дапамагаюць Уладзіславу Міхайлавічу выконваць пастаўленыя вытворчыя задачы хутка і якасна вось ужо больш за 15 гадоў работы ў леспрамгасе. Дванаццаць з іх мужчына займаўся нарыхтоўкай жывіцы, цяпер ажыццяўляе чэкіроўку лесу на трактар-тралёўшчык. Работа не з лёгкіх, але, як прызнаецца памочнік вальшчыка, заўсёды на свежым паветры: і вольна дыхаецца, і думаецца шырока.