Носьбіт этнаграфіі і фальклору Вольга Дзяржынская
Старажыл краю, жыхарка Матнявіч Вольга Дзяржынская днямі адзначыла 90- годдзе з дня нараджэння. Амаль палову жыцця яна працавала ў галіне культуры і ўнесла свой адметны ўклад у адраджэнне і захаванне народнай вусна-паэтычнай спадчыны.
Яе прафесійны шлях пачынаўся з пасады піянерважатай, а потым настаўніка фізічнай культуры і спеваў у Крутоеўскай і Халоцкай сельскіх школах. Скончыўшы Мар’інагорскі сельскагаспадарчы тэхнікум па спецыяльнасці «агранамія», пэўны час працавала ў мясцовай гаспадарцы. А калі на свет з’явілася немаўляці і работа агранома на палетках калгаса з дня ў дзень стала для яе складанай, узначаліла Матнявіцкі дом культуры. Так больш за 40 гадоў Вольга Пятроўна жыла з песняй. Канцэрты і фестывалі, завадныя байкі і жартлівыя прыпеўкі сталі неад’емнай часткай яе паўсядзённага рытму. Дзе толькі не даводзілася выступаць, на якія п’едэсталы падымацца, якія прымаць апладысменты і прызнанне. З вясковым калектывам «Радуніца» пад уласным кіраўніцтвам аб’ездзіла дзясяткі гарадоў Беларусі, гасцявала ў расіян і цешыла народным гумарам жыхароў Украіны. Яе неаднойчы запрашалі на беларускае тэлебачанне. Жанчына назапасіла ганаровых грамат і дыпломаў каля двух сотняў, узнагароджана медалём «Ветэран працы», нагруднымі знакамі пераможцы сацспаборніцтва і ўдарніка ІХ пяцігодкі. Адна з галоўных творчых перамог – званне лаўрэата рэспубліканскага конкурсу чытачоў за жартоўную байку «Чорт». Смех і пазітыў выклікала яе выступленне на святах гумару ў Аўцюках. Матнявіцкая клубная ўстанова і бібліятэка былі ўзорнымі ў раёне.
Вольга Пятроўна – старэйшы носьбіт этнаграфіі і мясцовага фальклору. Да яе штогод едуць навукоўцы і фалькларысты, каб адрадзіць і занатаваць абрадавыя дзеі рэгіёна «Кумленне», «Вяселле», «Заручыны», «Радзіны», «Выклік дажджу», святы земляробчага каляндара і «На прывале» – гэта калі мужыкі ладзілі касавіцу, а жанчыны складалі сена ў копы і спявалі побытава-сямейныя песні. У духоўна-спеўнай скарбонцы Вольгі Дзяржынскай таксама шмат замоў і прыгавораў. Яшчэ яе маці Хоўра Васільеўна Серыкава ўмела лячыць людзей Божым словам, шчырай малітвай. Народная вусная творчасць ад Вольгі Пятроўны надрукавана ў падручніках і вучэбных дапаможніках па вывучэнні традыцыйнай мастацкай культуры і беларускай філалогіі, яе каштоўнымі матэрыяламі карыстаюцца выкладчыкі і студэнты дзяржуніверсітэта імя Ф.Скарыны і іншых вышэйшых устаноў адукацыі краіны.
Час прабег незаўважна, жыццё сцішыла свой ход, надыйшла спакойная восень гадоў. Жаночае шчасце Вольгі Пятроўны – 4 дзяцей, 8 унукаў, 16 праўнукаў і, канешне ж, песня. Памаліўшыся ля абразоў, управіўшыся па гаспадарцы, прысеўшы ля вакенца, юбілярша ўспамінае бурлівую маладосць, віхуру працоўных турбот, шматлікія сустрэчы і падзеі. І неўзабаве па пакоях хаты пральецца мелодыя старых напеваў, выльецца лірычным матывам народная мудрасць і прага багатай чуллівай душы.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.