Кніга аб Вялікай Айчыннай вайне і яе мужных героях

Пачынаючы з 1978 года ў свеце адзначаюць Міжнародны дзень музеяў. Ахоўваючы помнікі матэрыяльнай і духоўнай культуры, яны праводзяць вялікую навукова-асветніцкую і адукацыйна-выхаваўчую работу, фарміруючы ў людзях любоў і павагу да сваёй вотчыны.

Гэтымі ж задачамі жывуць і работнікі чачэрскага гісторыка-этнаграфічнага музея. У фондах культустановы назапашана ўжо 22 703 розныя экспанаты – ад археалагічных знаходак да рарытэтаў мінулага стагоддзя, якія экспануюцца ў 9 выставачных залах. Экспанаты сацыяльна-бытавой, этнаграфічнай, ваенна-патрыятычнай ці чарнобыльскай тэматыкі папаўняюцца штогод пры дапамозе неабыякавых жыхароў краю. Самымі каштоўнымі лічацца бівень маманта, змеявік і срэбраная лыжка 18 стагоддзя, асабовая справа №1 пенсіянера Яўгена Эйрынга і шмат іншых цікавых ахвяраванняў грамадзян. А нядаўна ў падарунак музею была перададзена кніга «Оружие Великой Победы». Яе аўтар – масквіч, член Саюза журналістаў і пісьменнікаў Расійскай Федэрацыі, член рэдкалегіі часопіса «Савецкі Марпех» і праўлення Антынацысцкага Міжнароднага камітэта «За мір, праўду і дабрабыт», прафесар, контрадмірал, ветэран арміі і флоту СССР і Расіі Васіль Паповіч. Ён жа з’яўляецца акадэмікам Акадэміі праблем бяспекі, абароны і правапарадку, а таксама мае шэраг іншых высокіх званняў і рэгалій. Васіль Андрэевіч выдаў каля 300 навуковых і публіцыстычных артыкулаў, стаў складальнікам больш 80 кніг і навуковых падручнікаў. Апошняе выданне прысвечана 75-годдзю Вялікай Перамогі.

У мінулым месяцы Васіль Андрэевіч разам з калегам, членам Саюза журналістаў Масквы і арганізацыі «Расійскія вучоныя сацыялістычнай арыентацыі», ветэранам войскаў Міністэрства ўнутраных спраў РФ Мікалаем Марцэлевым пабываў на чачэрскай зямлі падчас аўтапрабегу ў гонар 77-годдзя Вялікай Перамогі. Расіяне наведалі помнікі загінуўшым воінам на Лысай гары і пакланіліся памяці савецкага салдата на Замкавай. Для Мікалая Марцэлева паездка на Чачэршчыну – вяртанне ў маладосць. Ён ураджэнец Роўкавіч, працаваў механізатарам калгаса імя Суворава, адтуль пайшоў у армію і потым застаўся жыць у Маскве. Пры выданні кнігі «Оружие Великой Победы» дапамагаў у падборы гістарычных матэрыялаў і аказаў фінансавую падтрымку.

Маскоўскія госці былі прыемна ўражаныя, наколькі ў Беларусі добраўпарадкаваны помнікі воінскай славы і абеліскі, як уважліва дзяржава і грамадскасць адносяцца да архітэктурна-гістарычных каштоўнасцей. І ў знак павагі Васіль Паповіч перадаў сваю новую кнігу не толькі чачэрскаму музею, але і абяцаў пакінуць адзін экзэмпляр Прэзідэнту краіны Аляксандру Лукашэнка.

В.БАГДАНОВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика