«Павяду стралу дый па ўсім сялу…»

Старажытны ахоўна-аграрны вясенні абрад «Пахаванне стралы», які завяршае вясну і распачынае цёплае лета, у Валосавічах правялі ў 40-ы раз. Роўна столькі гадоў назад яго адрадзіла на вёсцы былая ўдзельніца фальклорнага гурта «Ажына» Марыя Васільеўна Карнеенка.

Назіраючы за гэтай магічнай дзеяй, якая носіць засцерагальную функцыю і накіравана на абарону людзей і жывёлы ад хвароб, стыхійных бедстваў і нястачы, не перастаеш дзівіцца чалавечай мудрасці і сіле веры. Нашы продкі былі ўпэўнены, што праз песні, малітвы, замовы, карагоды і іншыя святочныя рытуалы яны змогуць забяспечыць сабе і сваёй гаспадарцы здароўе, добрае жыццё, высокія ўраджаі на сялянскіх палетках і агародзе.

Падтрымліваючы народную традыцыю, жанчыны ў святочных вышыванках прайшлі па цэнтральнай вуліцы, водзячы на скрыжаваннях танок, прасілі ў вышэйшых сіл заступніцтва і літасці Гасподняй. За ваколіцай на ўскрайку поля з сакавітай ніўкай зноў спявалі, чыталі малітвы, скакалі праз вогнішча, каталіся па маладых узыходах пшаніцы і закопвалі ў зялёную рунь «стралу»: скарынкі хлеба, цукеркі, гузікі, манеткі і каляровыя стужкі – каб бяда і напасці абыйшлі вёску і яе жыхароў. Кожны ўзяў сабе па 7 каласкоў як гарантыю на дабрабыт і ўрадлівасць пасеваў.

Верыць або не, але ў Валосавічах за той час, пакуль жыве абрад пахавання стралы, не здарылася пажараў, хаты і сяльгаспабудовы абыходзіла маланка, не адбылося сур’ёзных прыродных катаклізмаў, наваднення і разбурэнняў. Вось так людзі ратуюцца ад жыццёвых нягод, захоўваюць традыцыі роднай Бацькаўшчыны, а яшчэ сумесны клопат на агульную карысць яднае, дапамагае згуртаванню іх думак, пачуццяў і добрых спраў.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика