У будні і святы тут кожнаму рады

Кніга заўсёды была і застаецца адным з прыярытэтных сродкаў станаўлення асобы, на чужых памылках яна вучыць нас жыццю, дапамагае пазнаць свет, стаць разумнымі і адукаванымі. У гэтым годзе адразу 3 сельскія бібліятэкі Чачэршчыны адзначаюць юбілеі з дня адкрыцця: 100 гадоў бабіцкай і сідаравіцкай, 90 – нісімкавіцкай. Гісторыя стварэння кожнай з іх свая асобная.

Першыя 50 наведвальнікаў хаты-чытальні ў Нісімкавічах разгарнулі старонкі газет і брашур у 1932 годзе. Кніжны фонд складаў прыкладна 300 экзэмпляраў і змяшчаўся ў адной шафе. Пасля вызвалення краю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў бібліятэка знаходзілася ў наёмным памяшканні С.Я.Хімянкова пасёлка Ключавы. Напачатку 50-х мінулага стагоддзя яна пераехала ў будынак сельскага Савета. Да 1968-га кніжны фонд налічваў 5 232 экзэмпляры з колькасцю чытачоў 563 чалавекі. К 1977 году тут было ўжо за 10 тыс. экз., а сёння ў запасніку ўстановы больш 11 490 кніжак і іншай літаратуры, якія бібліятэкар Таццяна Казлова прапануе дзецям і дарослым. Узімку наведвальнікаў вітае цёплая атмасфера памяшканняў, а летам каля бібліятэкі распачынае работу бібліядворык, дзе з рабятамі праводзяцца забаўляльна-гульнёвыя праграмы. Не застаюцца без друкавана слова не толькі мясцовыя жыхары, але і пацыенты Нісімкавіцкай бальніцы сястрынскага догляду. Сталым людзям прапануюцца як багаты выбар друкаванага слова, так і разнастайныя культурныя мерапрыемствы: Калядныя вячоркі, святочныя канцэрты, прапагандысцка-асветніцкія лекцыі.

Сідаравіцкія чытанні на вольным паветры.

Згодна архіўным звесткам, хатай-чытальняй у 1922 годзе ў Сідаравічах загадваў Аляксандр Захараў. Усю літаратуру – газеты і часопісы – можна было сабраць у два-тры чамаданы. Але гэта не перашкаджала масавай асветніцкай дзейнасці. Загадчык праводзіў гучныя чыткі, арганізоўваў абмеркаванні палітычна-грамадскага жыцця краіны і агляд газетных публікацый. У 1978 годзе бібліятэка знаходзілася ў будынку старой канторы сяльгаспрадпрыемства. У зону абслугоўвання ўваходзілі вёскі Сідаравічы, Асінаўка, Новая Гута. Бібліятэкай карысталіся больш за 500 чытачоў. Пасля катастрофы на ЧАЭС у сувязі з адсяленнем насельніцтва ў чыстыя зоны колькасць наведвальнікаў скарацілася ўдвая. Населеныя пункты Сідаравіцкага сельскага Савета ўвайшлі ў склад Палескага. Вызваленае памяшканне сельсавета перадалі бібліятэцы. У 2012 годзе яна была аб’яднаная са школьнай і працавала на базе яслі-сада. У той жа час бібліятэкарам прызначылі Ганну Давітка, якая і сёння гасцінна сустракае на парозе храма мудрасці кожнага, хто сябруе з кнігай. Поруч з тым да паслуг вяскоўцаў урокі духоўнасці і здароўя, патрыятычнага выхавання, гадзіны мужнасці, тэатралізаваныя прадстаўленні, шоу кніжных малюнкаў, тэматычныя выставы і дэманстрацыя літаратурных навінак. А экскурсіі гасцей бібліятэкі ў музейны пакой воінаў-інтэрнацыяналістаў сталі ўжо традыцыйнымі.

Таццяна Карпоўская далучае рабят да прыгожага.

У Бабічах у 1922 годзе прапагандысцка-асветніцкую справу распачаў Т.Турмасаў. У сярэдзіне ХХ стагоддзя бібліятэка пераехала ў памяшканне сельскага клуба на 18 квадратных метраў. Кіраваў установай Рыгор Кірыенка. Пазней яго змяніла Лідзія Юрчанка, а потым выдавала кнігі абанентам Людміла Маркоўская. З 2014-га тут працуе Таццяна Карпоўская. У мінулым годзе парог кніжкінага дома 3 998 разоў пераступілі 270 чытачоў з Бабіч і Новазалесся, кнігавыдача склала каля 6 тысяч экзэмпляраў. А ўсяго ж бібліятэчны фонд налічвае каля 12 тысяч экз. На хатнім абслугоўванні ў Таццяны 11 чалавек сталага ўзросту, да якіх яна прыходзіць згодна графіку з поўнай сумкай перыёдыкі і літаратурных выданняў. Вялікай увагі патрабуюць дзеці, асабліва падчас летніх канікул. Ужо з рання рабяты «штурмуюць» культустанову ў чаканні цікавых конкурсаў і практычных заняткаў. Лепка з пластыліну і маляванне ў аматарскім аб’яднанні «Мастерилка», тэматычныя віктарыны, літаратурныя гасцёўні да дня нараджэння вядомых беларускіх і савецкіх класікаў, дыскатэкі, турпаходы па знакавых месцах прыцягваюць усё больш і больш як мясцовых, так і прыехаўшых да бабуль на адпачынак хлопчыкаў і дзяўчынак. Дзеці не толькі бавяць час у гульнях. Са школьнікамі праводзяць урокі працоўнага выхавання. Праполка кветнікаў, азеляненне, санітарная ўборка прылягаючай тэрыторыі і каля вадаёмаў – лепшы сродак, каб прывіць падрастаючаму пакаленню любоў да прыроды і роднай зямлі. Пэўную частку працоўнага дня бібліятэкара займае збор і апрацоўка матэрыялаў па краязнаўству малой радзімы і летапісу Бабіч. А яшчэ – удзел у шматлікіх прафесійных і творчых спаборніцтвах. Кожны год бабіцкая ўстанова заваёўвае прызавыя месцы і перамогі. Адны з апошніх – у 2019-м Таццяна Карпоўская на фестывалі «Чытай, Гомель» узнагароджана дыпломам ІІІ ступені за ручны выраб Доктара Айбаліта ў конкурсе літаратурных герояў. У 2020-м за ўдзел у ХХV абласным іспыце на творчую індывідуальнасць «Бібліятэка, неабходная грамадству» ў намінацыі «За падтрымку і развіццё чытання» ўстанова культуры заняла 3-е месца. А таксама ў скарбонцы філіяла дыплом ІІ ступені ў аналагічнай намінацыі ХХVІІІ рэспубліканскага конкурса «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры».

…Вясковая бібліятэка. Сюды ідуць людзі рознага ўзросту, кожны мае намер знайсці тое, што па душы і густу: дэтэктывы, раманы, ваенная хроніка, дзіцячыя казкі і апавяданні – усё ў асартыменце на шырокіх паліцах устаноў культуры. І пакуль у чытанні ёсць патрэба, скарбніца народнай мудрасці, ведаў, дабрыні і духоўнай каштоўнасці не апусцее.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

На фота: У Нісімкавічах бібліятэка не пустуе.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика