Каралева прыпевак Вольга Макараўна

У гэтым годзе спаўняецца 50 гадоў з дня заснавання народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля народнага танца, музыкі і песні «Лёс» вёскі Бабічы.

За паўстагоддзя свайго існавання калектыў «Лёса» назапасіў шмат песеннага матэрыялу, аб’ездзіў дзясяткі малых і вялікіх гарадоў краіны і бліжняга замежжа, прадэманстраваўшы багатую нацыянальную культуру і самабытнасць. За гэты перыяд гурт неаднаразова станавіўся пераможцам раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, а яго артысты атрымалі славутасць і агульнае прызнанне. Доўгі час паланіла сэрцы аўдыторыі каралева прыпеўкі Вольга Багданава. Яна нарадзілася ў вёсцы Прытулле, што раней размяшчалася непадалёк ад Бабіч. Выйшла замуж за ўдаўца і стала для чацвярых дзяцей другой матуляй, пяшчотнай і ўважлівай. І, калі на свет з’явіўся ўласны сын, не абдзяліла сірот любоўю і клопатам, кожнаму аддавала часцінку свайго сэрца. Усіх выхавала, выправіла ў армію і адсвяткавала вяселле. Не трэба казаць, як было цяжка паднімаць на ногі такую шумную канапатую чараду дзетак. Ды нічога, справілася. Умела і прасць, і касіць, і зерне малаціць, не размяжоўваючы справы на мужчынскія і жаночыя. Працы не баялася, круцілася і дома, і на рабоце. Ды яшчэ хапала сілы на вясковыя спеўкі. Ледзьве пачуе Макараўна зычныя пагукі гармоніка, забывалася пра ўсё на свеце, ногі самі ходарам хадзілі. Яна была адной з першых, хто стаяў ля вытокаў стварэння «Лёсу» і сама па крупінцы малявала яго вобраз, пісала гісторыю. Жамчужына Чачэршчыны была лаўрэатам і дыпламантам Усебеларускага фестывалю гумару ў Аўцюках і прымала ўдзел у галаканцэрце, умела «ўзарваць» публіку падчас правядзення фестываляў беларускай полькі ў Чачэрску, «Палескі карагод» у Пінску, «Беларусь – мая песня». Выступала на Дне беларускага пісьменства ў Тураве і яшчэ шмат дзе. У канцы 1990-х ёй пашчасціла сустрэцца з вядомым савецкім кампазітарам, баяністам і паэтам Генадзем Завалокіным і трапіць на тэлеперадачу «Іграй, гармонь». Калісьці знакаміты танец з палкамі «Гірша з Міршай» у выкананні бабы Вольгі выконвалі амаль па ўсёй рэспубліцы.

Цікавая асоба, неардынарная жанчына, заліхвацкая прыпевачніца, носьбіт нацыянальнай культуры нарадзілася і памерла напярэдадні 8 сакавіка. Незвычайны лёс, незвычайны талент і такі ж шлях у небыццё. З жыцця Вольга Макараўна пайшла па-асабліваму: у 2006 годзе, на наступны дзень пасля даравальнай нядзелі, каб паспець папрасіць прабачэння ды ўсім дараваць. Ёй ледзьве споўнілася 76, але душой яна была заўсёды маладой і гарачай, завадной і яркай, як і сама народная прыпеўка.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика