Маршрутам подзвігу савецкага салдата

Напярэдадні чарговай гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны краязнаўцы Чачэрскага грамадскага аб’яднання «ЧАК» разам з вучнямі другой гарадской школы прайшлі дарогамі памяці па маршруту «Лысая гара-Мяшчанскі лес-Залессе».

Помніць пра падзеі вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ведаць гісторыю подзвігу савецкага салдата, аддаць даніну павагі жывым і загінуўшым у барацьбе за свабоду савецкага  народа – такой была мэта мінулага выязнога практычнага ўрока мужнасці. Пра тое, хто стаў ахвярай варожай агрэсіі і назаўсёды застаўся ляжаць у брацкай магіле на Лысай гары, рабятам паведаў гісторык Мікалай Лагойкін. Дзеці ўважліва слухалі пра здзекі паліцаяў і гестапа над мірным насельніцтвам, пра спаленыя вёскі і знішчаныя сем’і абаронцаў Радзімы, расстраляных камуністаў і камсамольцаў, пра апошнія хвіліны жыцця адважнага патрыёта Грышы Падабедава. Усклаўшы кветкі да мемарыяльнай пліты піянера-героя, усе накіраваліся ў музей пад адкрытым небам «Чачэрскі рубеж». Тут знайшлі свой апошні прытулак многія абаронцы Чачэршчыны, салдаты і афіцэры 21-й арміі. Прыкрываючы адыход штаба 117-й стралковай дывізіі і вайсковых злучэнняў, на полі бою засталіся рускія, украінцы, беларусы, татары. Мінута маўчання, кароткі агляд бліндажоў і акопаў,  фотаздымак на памяць, і вось ужо залескі бібліятэкар Марына Хрысціна праводзіць экскурсію па міні-музеі Героя Савецкага Саюза Мікіты Круглікава. Таксама рабяты апрабавалі ткацкі станок у музейным пакоі «Беларуская хатка» і пазнаёміліся з фондамі мясцовай бібліятэкі. 

-Важна перадаць падрастаючаму пакаленню праўдзівую інфармацыю вызваленчага руху Беларусі і нашага краю, часцей нагадваць яркія падзеі і прозвішчы тых, хто ахвяраваў уласным жыццём дзеля сённяшняга светлага мірнага дня, – адзначыў старшыня аб’яднання чачэрскіх краязнаўцаў Пётр Несцяровіч. – Такія сустрэчы вельмі карысныя і пазнавальныя. Моладзь – наша будучае, трэба выхоўваць у яе пачуццё патрыятызму і гонару за сваю краіну з маленства. Работу ў гэтым накірунку будзем працягваць і надалей.

В.БАГДАНОВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика